МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту



МЗС Літвы накіравала беларускаму боку ноту ў сувязі са спыненнем руху ў пункце пропуску „Мядзінінкай” 8 ліпеня.

Нота была накіравана 9 ліпеня. Як тлумачыць літоўскае МЗС, у адпаведнасці з пагадненнем ад 1995 года паміж урадамі Літвы і Беларусі бакі павінны інфармаваць адзін аднаго аб прыпыненні руху праз мяжу на працягу 24 гадзін, паведамляе Delfi. Таксама літоўскі бок настаяў на тым, каб беларускія органы „забяспечылі належны кантроль асобаў, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу”.

Нагадаем, інцыдэнт у пункце пропуску „Каменны Лог” (Мядзінінкай”) адбыўся 7 ліпеня. Грамадзянін Пакістана прад’явіў літоўскім памежнікам падробленыя дакументы. Яму адмовілі ва ўездзе ў Літву. Беларускі бок таксама адмаўляўся яго прымаць. Літва прыпыніла рух праз „Мядзінінкай”. Праз суткі чакання на тэрыторыі паміж двума пунктамі пропуску пакістанец запытаў прытулак у Беларусі. Беларускі бок заяўляе, што пры выездзе з Беларусі ён прад’явіў дзейны пашпарт з беларускай візай.