МЗС Літвы пра генацыд беларусаў літоўцамі



Заявы Менска пра тое, што ён нібыта валодае звесткамі пра генацыд беларусаў з боку батальёнаў СС, якія дзейнічалі ў Літве, — гэта „вартыя жалю спробы” сказіць гісторыю з мэтай апраўдання ўласных рашэнняў, прынятых у таталітарным духу, заявіла Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі, паведамляе партал Delfi са спасылкай на BNS.

„Апошнім часам заявы прадстаўнікоў беларускага рэжыму ўжо не здзіўляюць. Вартая жалю спроба сказіць і палітызаваць балючыя пытанні гісторыі, як і заява пра спробу арганізаваць перавароты і да таго падобнае, хочуць адцягнуць увагу ад парушэнняў правоў чалавека ў гэтыя дні ў Беларусі, пазбегнуць адказнасці за пагаршэнне двухбаковых літоўска-беларускіх адносін, апраўдаць уласныя рашэнні ва ўнутранай палітыцы ў таталітарным духу”, — гаворыцца ў каментары літоўскага МЗС.

Генеральная пракуратура Беларусі ў межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўстанавіла нацысцкіх злачынцаў літоўскіх батальёнаў СС і польскай Арміі Краёвай і збіраецца звярнуцца ў краіны іх пражывання, заявіў генпракурор Андрэй Швед у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1”, паказаным 16 мая.

„Намі ўстаноўленыя звесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія лічыліся ў спісах і бралі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў. У першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС, Арміі Краёвай (змагалася як з нацыстамі, так і з камуністамі.). Зараз рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы, і будзе накіраванае даручэнне пра аказанне прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы для таго, каб з гэтымі асобамі — яны яшчэ жывыя, нам вядомае іх месца жыхарства — адпаведныя праваахоўныя органы правялі працэсуальныя дзеянні ў межах крымінальнай справы пра генацыд”, — сказаў Швед.

Акрамя таго, пракуратура плануе падаць у міжнародны трыбунал „дастатковы аб’ём доказаў, каб распачаць ва ўстаноўленым парадку працэдуру афіцыйнага прызнання генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны”.

belapan.by