МЗС Літвы: Вынікі стрэс-тэстаў БелАЭС не даказваюць яе бяспекі



Вынікі стрэс-тэстаў, праведзеных на будаўніцтве ў Астраўцы Беларускай атамнай электрастанцыі, не даказваюць яе бяспеку, лічаць у Міністэрстве замежных спраў Літвы. Такая заява кіраўніка МЗС Лінаса Лінкявічуса, які выступіў 9 лістапада ў парламенце краіны, размешчаная сёння на сайце знешнепалітычнага ведамства.

Казаць пра тое, што праведзеныя стрэс-тэсты, — занадта смела. Беларусы доўгі час абяцалі гэта зрабіць, не адзін год, гэта толькі самы пачатак. Гэтая інфармацыя будзе разгледжаная, будуць разгледжаныя і звязаныя з гэтым пытанні, і гэты працэс завершыцца ўжо сапраўды не хутка, і не ясна, чым завершыцца„, — сказаў Лінкявічус.

Не першы раз нашы суседзі спрабуюць з нейкіх павярхоўных фактаў зрабіць абагульняльныя высновы, каб легалізаваць гэты аб’ект, які на справе легалізаваць практычна немагчыма„, — дадаў ён.

Стрэс-тэсты Беларускай АЭС былі праведзеныя ў 2016—2017 гадах. Кіраўнік міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы нацыянальнага даклада аб мэтавай пераацэнцы бяспекі БелАЭС на аснове вынікаў стрэс-тэстаў, начальнік дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Вольга Лугаўская 8 лістапада паведаміла журналістам, што вынікі стрэс-тэстаў паказалі ўстойлівасць станцыі да экстрэмальных вонкавых умоў. Паводле яе слоў, БелАЭС тэставалі на ўстойлівасць да землятрусаў высокага ўзроўню, затапленняў і экстрэмальных умоў надвор’я: моцных вятроў, шквалаў, смерчаў, моцных дажджоў, буйнога граду, пылавых бураў, моцных завеяў, снегападаў, абледзяненняў, туманаў, засух, экстрэмальных тэмператур і іх розных камбінацый.

Паводле вынікаў стрэс-тэстаў зробленыя высновы пра тое, што БелАЭС устойлівая да ўзнікнення падзей, падобных на тыя, якія прывялі да аварыі на японскай атамнай станцыі „Фукусіма-1”. „Сістэмы бяспекі распрацаваныя з улікам ўсебаковага разгляду знешніх падзей. Будынак, збудаванні і абсталяванне спраектаваныя ў адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай, вызначаныя запасы бяспекі”, — растлумачыла Лугаўская. „Нягледзячы на тое што былі вызначаныя запасы бяспекі, бяспекі шмат не бывае. Таму наша задача заключалася ў тым, каб прапанаваць меры па ўзмацненні бяспекі. План такіх мер будзе сфармаваны на працягу гэтага года з улікам магчымых рэкамендацый еўрапейскіх экспертаў„, — дадала яна.

Згодна са словамі кіраўніка дэпартамента МНС, пераклад нацыянальнага даклада на англійскую мову 30 кастрычніка быў накіраваны ў МЗС Беларусі для далейшай перадачы ў Еўракамісію. На працягу найбліжэйшых месяцаў ужо сфармаваная каманда еўрапейскіх экспертаў разгледзіць даклад. Чакаецца, што ў сакавіку 2018 года яны прыедуць у Беларусь, каб абмеркаваць дакумент, зрабіць інтэрв’ю аператара АЭС, абмяняцца думкамі і сфармаваць свае прапановы і пазіцыю па нацыянальным дакладзе Беларусі.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), блізу беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты. БелаПАН