МЗС Літвы: За заявай аб закрыцці межаў стаіць пошук уяўнай пагрозы звонку



Словы Лукашэнкі пра закрыццё мяжы з Літвой, Польшчай, а таксама аб узмацненні мяжы з Украінай дэманструюць жаданне ўскласці адказнасць за крызіс у краіне на знешнія сілы. Такое меркаванне ў чацвер у эфіры нацыянальнага радыё LRT агучыў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Гэта выклікана жаданнем любой цаной прадэманстраваць прысутнасць нейкай [знешняй] пагрозы, — заявіў ён. — Калі такой пагрозы няма, яе трэба знайсці».

Як паведамілі раней у МУС Літвы, рух транспарту праз літоўска-беларускую мяжу адбываецца без якіх-небудзь затрымак, у звычайным парадку.

У чацвер, выступаючы ў Менску, Лукашэнка заявіў, што Беларусь вымушана закрыць дзяржаўную мяжу з Літвой, Польшчай, а таксама ўзмацніць мяжу з Украінай. Ён звярнуўся да народаў гэтых трох краін з заклікам спыніць сваіх палітыкаў і не даць развязаць «гарачую вайну».

svaboda.org