МЗС назвала «бессэнсоўным дзеяннем» працяг мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі
«Пытанне не выклікае нейкага асаблівага ажыятажу. Проста бессэнсоўнае дзеянне» – так пракаментаваў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведамленне аб працягу мандата спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
17 ліпеня Рада ААН па правах чалавека (РПЧ) прыняла рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яшчэ на год працягнула мандат краінавага спецдакладчыка Анаіс Марэн. Рада заклікала беларускія ўлады гарантаваць правядзенне свабодных, сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама прыняць меры для садзейнічання мірнаму працэсу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. РПЧ ААН заклікала ўлады да супрацоўніцтва з Марэн, у прыватнасці дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасці.
За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 22 члены РПЧ ААН, супраць – 5, устрымаліся – 20.
«Дзейнасць так званага спецдакладчыка мала каму цікавая, не мае ніякай сувязі з рэальным становішчам рэчаў і ніякага ўплыву. Мандат мы не прызнаем, – сказаў Глаз. – Гэта ў прынцыпе абсурд, калі ў XXI стагоддзі робяцца спробы выбудаваць іерархію паміж раўнапраўнымі дзяржавамі. Бо, па сутнасці, што адбываецца: адны краіны, якія асабіста абвясцілі сябе »чэмпіёнамі« ў галіне правоў чалавека, ініцыююць рэзалюцыі РПЧ, скіраваныя супраць іншых краін. Пры гэтым раўнапраўе дзяржаў – адзін з базавых прынцыпаў ААН. Так што на ўзроўні абсурду гэта і застанецца».
Глаз адзначыў, што ёсць «шмат механізмаў, якія даказалі сваю эфектыўнасць і ў межах якіх краіны прадуктыўна працуюць па праваабарончых пытаннях». «Беларусь у многіх з іх удзельнічае, у тым ліку ўзаемадзейнічае і гатовая працягваць супрацоўніцтва з шэрагам заходніх краін, з ЕС па тэме правоў чалавека», – сказаў прадстаўнік МЗС.
Мандаты спецдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя Радай ААН па правах чалавека летам 2007 года. Гэта адбылося ў выніку палітычнага ціску дзеля захавання права прызначаць дакладчыкаў па асобных краінах і працягу працы іншых краінавых дакладчыкаў. На скасаванні мандата настойвалі беларускія ўлады, абвінавачваючы спецдакладчыка Адрыяна Севярына ў палітычнай ангажаванасці і скажоным інфармаванні ААН аб сітуацыі ў краіне.
У ліпені 2012 года РПЧ ААН вырашыла зноў увесці мандат спецдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэння правоў чалавека. У адказ афіцыйны Мінск заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.
Увосень таго ж года на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Міклаш Харасці, які раней з’яўляўся прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.
Анаіс Марэн абраная на пасаду спецдакладчыка ў 2018 годзе.