МЗС Нямеччыны падтрымлівае ініцыяванае Ціханоўскай анлайн-галасаванне
Германія падтрымлівае ініцыяванае беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай анлайн-галасаванне аб перамовах з уладамі пры пасрэдніцтве АБСЕ.
„Мы безумоўна падтрымліваем гэты заклік, — заявіла прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства ФРГ Марыя Адэбар. — Як федэральны ўрад мы некалькі разоў выразна выказвалі сваю пазіцыю. Мы не прызнаем сфальсіфікаваныя выбары ў Беларусі. Спадар Лукашэнка, з нашага пункту гледжання, не мае дэмакратычнай легітымнасці. Менавіта з гэтай прычыны як федэральны ўрад у Еўропе мы патрабуем інклюзіўнага ўстойлівага дыялогу з удзелам усіх груп у Беларусі. Менавіта такая прапанова АБСЕ ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца на парадку дня”.
„У сувязі з гэтым, на нашу думку, анлайн-галасаванне, анлайн-апытанне можа быць добрым спосабам выявіць і ўявіць палітычныя настроі ў краіне, каб як раз і прыйсці туды, куды мы хочам, а менавіта да сапраўднага ўстойлівага дыялогу, які можа вырашыць гэты ўнутрыпалітычны крызіс у Беларусі і ўлічвае законныя патрабаванні апазіцыі і дэмакратычнага руху, гэта значыць рэалізаваць права на сумленныя і свабодныя выбары”, — сказала афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ.
Удзел у галасаванні на платформе „Голас” блізу 17-й гадзіны 23 сакавіка ўзялі 711,5 тысяч грамадзян. У падтрымку перамоў выказалася 703,6 тысяч. У Беларусі платформа была заблакаваная інтэрнэт-правайдарамі на патрабаванне ўладаў, аднак карыстальнікі знаходзяць магчымасці абысці блакаванне.
Ініцыятыву Ціханоўскай падтрымалі ЗША і Еўразвяз.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dw.com