МЗС Польшчы адрэагавала на падзеі ў Беларусі



Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач у інтэрв’ю Polskie Radio 20 ліпеня распавёў, што хацеў бы, каб прэзідэнцкія выбары ў Беларусі правялі празрыста, з захаваннем прынцыпаў дэмакратыі і адпаведна міжнародным стандартам.

Польская дыпламатыя ўважліва сочыць за сітуацыяй з выбарамі ў Беларусі ад абвяшчэння даты галасавання, – сказаў намеснік міністра:

– Мы ўспрымаем сітуацыю як вельмі складаную і спрабуем яе інтэрпрэтаваць перш за ўсё праз прызму найважнейшага пытання, якім для Польшчы ёсць павага суверэнітэту і субʼектнасці Беларусі, а таксама павага да асноўных правоў грамадзян.

Ён дадаў, што дзеянні беларускіх уладаў, якія тычацца выбарчага працэсу і нападу на грамадзянскія свабоды, выклікаюць пытанні сумленнасці гэтых выбараў.

МЗС Польшчы распачало дзеянні ў абарону затрыманых актывістаў, блогераў і журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў польскага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Darek Golik / Forum