МЗС Польшчы: Мы будзем працягваць настойваць на вызваленні палякаў з турмаў Беларусі
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач прызнаў, што сітуацыя з палякамі, вязнямі ў Беларусі, складаная, перадае polskieradio.pl.
Намеснік кіраўніка МЗС прызнаў, што «сітуацыя вельмі складаная». «Мы маем справу з вельмі складаным і даволі непрадказальным партнёрам. Улады Менска не жадаюць весці такі дыялог, як гэтага хацеў бы астатні свет», – падкрэсліў Пшыдач.
Як ён адзначыў, у Беларусі зняволена больш за 500 чалавек, большасць з якіх незаконна. «Толькі дзякуючы палітычнаму ціску і палітыцы санкцый мы можам унесці пэўную цвярозасць у Менск, і мы працягваем гэтую палітыку», – сказаў намеснік міністра.
Марцін Пшыдач заявіў, што палякі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, павінны быць вызваленыя. Ён дадаў, што салідарызуецца з удзельнікамі маніфестацый у іх падтрымку.
З сакавіка ў СІЗА знаходзяцца Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс. Спецслужбы Беларусі вінавацяць іх «у распальванні нацыянальнай нянавісці», за што ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама былі арыштаваныя яшчэ тры актывісткі польскай меншасці – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. 2 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Польшчы абвясціла, што Бярнацкая, Цішкоўская і Панішава вызвалены з-пад варты і вывезены ў Польшчу. Жанчыны не могуць вярнуцца ў Беларусь. Абвінавачанні з іх не знятыя.