МЗС Польшчы не прызнае выбараў прэзідэнта Расеі ў Крыме
Варшава нагадвае, што «выступае за павагу тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны й прызнае Крым часткай украінскай дзяржавы».
Міністэрства замежных спраў Польшчы зазначыла ў паведамленні, што Варшава лічыць выбары прэзідэнта Расеі ў Крыме незаконнымі.
У прыватнасці, знешнепалітычнае ведамства адзначае, што Польшча, як і ўся трансатлантычная грамадскасць, выступае катэгарычна супраць дзеянняў Расеі ў дачыненні да Украіны.
Варшава нагадвае, што «выступае за павагу тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны й прызнае Крым часткай украінскай дзяржавы». І таму, паводле МЗС Польшчы, гэта азначае, што прэзідэнцкія выбары на паўвостраве, арганізаваныя ўладамі Расейскай Фэдэрацыі, не могуць лічыцца законнымі.
На прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Расеі ў нядзелю, 18 сакавіка, прэзідэнт Уладзімір Пуцін атрымаў амаль 77% галасоў выбаршчыкаў. Пра гэта заявіла Цэнтральная выбарчая камісія РФ у панядзелак пасля падліку 99,8% галасоў. Яўка грамадзян склала больш за 67%.