МЗС Польшчы высылае трох расейскіх дыпламатаў
Міністэрства замежных спраў Польшчы прызнала трох супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Варшаве персонамі нон грата. Пра гэта прадстаўнікі МЗС паведамілі расейскаму амбасадару Сяргею Андрэеву, сказана ў паведамленні міністэрства.
Падставай для такога рашэння стала здзяйсненне гэтымі людзьмі дзеянняў, якія не адпавядаюць статусу дыпламата і якія шкодзяць Польшчы.
У заяве МЗС Польшчы таксама сказана, што польскія ўлады падтрымліваюць санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненні да Расеі. У міністэрстве адзначылі, што «сумесна прынятыя і ўзгодненыя рашэнні саюзнікаў» сталі «адэкватным адказам на варожыя дзеянні” з боку Расеі.
15 красавіка Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сваім указам увёў санкцыі з-за «шкоднаснай знешняй дзейнасці» ўрада Расеі. Санкцыі сярод іншага прадугледжваюць высылку 10 супрацоўнікаў расейскай дыпламатычнай місіі ў Вашынгтоне, сярод якіх, як сцвярджаецца, ёсць супрацоўнікі спецслужбаў. Таксама амерыканскім інвестарам забаранілі з 14 чэрвеня купляць расейскія дзяржаўныя аблігацыі.
