МЗС Польшчы заявіў, што не хоча ліквідаваць „Белсат”
Мы не хочам ліквідаваць „Белсат”, – такую заяву МЗС Польшчы змясціла „Rzeczpospolita”.
Намер Міністэрства замежных спраў не ў ліквідацыі, а ў мадэрнізацыі і рэфармаванні рэдакцыі тэлеканала.
Пра гэта заявіла прэс-сакратарка польскага МЗС Ёанна Вайда.
Яна паведаміла, што „Белсат”, у выглядзе, напрыклад, інтэрнэт-партала, можа ў перспектыве стаць часткай канала „TVP Zagranica”. Вайда таксама падкрэсліла, што МЗС працягне падтрымліваць свабодныя медыя і дэмакратычныя сілы ў Беларусі.”
Тым часам, МЗС Беларусі пацвердзіў інфармацыю пра польскую ініцыятыву ўключыць тэлеканал „TVP Polonia” у беларускія кабельныя сеткі.
„Гэтае пытанне не зусім у кампетэнцыі МЗС: тут ёсць шэраг тэхнічных аспектаў, а таксама юрыдычных нюансаў, звязаных з выхадам на беларускі інфармацыйны рынак замежных медыяў. Усе яны патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі, у тым ліку з улікам прынцыпу ўзаемнасці”, – сказаў прэс-сакратар МЗС Дзмітры Мірончык.
Ён таксама адзначыў, што польскія тэлеканалы ўжо даўно дасяжныя на значнай частцы тэрыторыі Беларусі. „Сучасныя тэхналогіі дазваляюць глядзець іх у любой кропцы нашай краіны”.
На пытанне „TUT.BY”, ці прасіў беларускі бок спыніць вяшчанне „Белсату”, Мірончык заявіў: „Белсат” – гэта польскі праект. З пачатку і да канца. Таму ўсе пытанні пра яго – да нашых польскіх партнёраў”.
Раней міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі паведаміў пра тое, што ў Беларусі можа пачаць трансляванне польскамоўны тэлеканал „TVP Polonia”. І замест тэлеканала „Белсат” польскі ўрад плануе стварыць адзіны канал транслявання для палякаў замежжа.