МЗС пракаментавала ўдзел замежных дыпламатаў у судовых пасяджэннях



У МЗС Беларусі лічаць, што наведванне прадстаўнікамі пасольстваў заходніх краін судовых пасяджэнняў па рэзанансных крымінальных справах з’яўляецца спробай уздзеяння на суд з боку замежных дзяржаў. Гэта вынікае з апублікаванага на сайце знешнепалітычнага ведамства каментара прэс-сакратара Анатоля Глаза.

„Рэспубліка Беларусь з павагай ставіцца да ўніверсальна прызнаных нормаў і стандартаў, што тычацца судаводства, — адзначыў ён. — Рашэнні аб правядзенні пасяджэнняў у адкрытым або закрытым фармаце прымаюцца судовымі органамі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у тым ліку для забеспячэння бесстаронняга рашэння па справе і выключэння магчымасці аказання націску на судовыя органы”.

На думку Глаза, у краіне створаныя ўмовы адкрытасці разбору і заканадаўча замацаваныя нормы, якія рэгулююць магчымасць прысутнасці на судовых працэсах, у тым ліку замежных прадстаўнікоў (дыпламатаў, консульскіх работнікаў) у судовых працэсах, дзе адным з бакоў выступае грамадзянін гэтай замежнай дзяржавы.

„Аднак цяпер мы назіраем спробу ўкаранення заходнімі краінамі новай практыкі — практыкі ўздзеяння на суд праз дыпламатаў, — заявіў прэс-сакратар. — Неабгрунтаваная прысутнасць замежных дыпламатаў у адкрытых судовых пасяджэннях па справах, якія не тычацца іх грамадзян, з’яўляецца, па сутнасці, спробай схаванага ўдзелу ў прыняцці судовага рашэння шляхам націску на суд. Пры гэтым, падкрэслю, такі націск робіцца не замежным грамадзянінам у асабістай якасці, а менавіта дыпламатам як афіцыйным прадстаўніком замежнай дзяржавы. Гэта значыць, гаворка ідзе пра дэ-факта націск на суд з боку замежнай дзяржавы”.

Глаз лічыць, што такая практыка з’яўляецца „непрымальнай для любой суверэннай дзяржавы як з пункту гледжання недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы, так і з пункту гледжання недапушчальнасці парушэння незалежнасці судовай улады”.

„Спробы аказання замежнымі дзяржавамі націску на беларускую судовую сістэму, уключаючы спланаваныя PR-акцыі калектыўнага наведвання замежнымі дыпламатамі судовых працэсаў па справах, наўпрост не звязаных з грамадзянамі гэтых замежных дзяржаў, і не могуць разглядацца інакш як злоўжыванне дыпламатычным статусам, — лічыць Глаз. — Мы пакідаем за сабой права спыняць такія спробы з выкарыстаннем усіх юрыдычных магчымасцяў, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнародным правам, уключаючы механізмы, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах”.

„Практыка наведвання замежнымі дыпламатамі няўрадавых арганізацый, тым больш афіцыйна незарэгістраваных, у дачыненні да супрацоўнікаў якіх вядуцца судовыя разборы ў сувязі з падазрэннямі ў незаконнай фінансавай дзейнасці, у тым ліку з прыцягненнем нелегальных рэсурсаў з-за мяжы, таксама выглядае сумнеўна. Асобна падкрэслю, што неабгрунтаваныя крытычныя заўвагі па такіх разборах з боку замежных дыпламатаў выглядаюць асабліва дзіўна, бо падобная незаконная фінансавая дзейнасць у іх краінах таксама пераследуецца паводле закона”, — заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

belapan.by

Фота: Тут.бай