МЗС: Правы чалавека – гэта ўнутрыбеларускае пытанне
Дыялог з ЕЗ па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі будзе працягнуты, але найперш гэта ўнутрыбеларускае пытанне. Пра гэта падчас выступу на форуме «Менск пасля Рыгі», што працуе зараз у сталіцы Беларусі, заявіў кіраўнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзяніс Сідарэнка.
– У першую чаргу – гэта пытанне ўнутрыбеларускае, а не пытанне нашага дыялогу з ЕЗ, але ён таксама прысутнічае ў павестцы дня. Мы адкрытыя для абмеркавння ўсіх пытанняў, якія ёсць у нашых партнёраў з Еўразвязу, і якія ёсць у нас. Гэты дыялог будзе працягвацца.
Дзяніс Сідарэнка упэўнены, што Беларусь пераадолее складанасці ў стасунках з Еўразвязам. Пры гэтым еўрачыноўнікі, што ўдзельнічаюць у форуме ў Менску, падкрэсліваюць: выкананне правоў чалавека, у першую чаргу – вызваленне палітвязняў, застаецца на парадку дня дыялога з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота naviny.by