МЗС: Прыпыненне санкцый ЗША на паўтара года — гэта пэўны прагрэс
Беларусь заўсёды і на ўсіх узроўнях заяўляла пра тое, што ў знешняй палітыцы санкцыі непрымальныя і контрпрадуктыўныя, заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы рашэнне Мінфіна ЗША аб працягу на паўтара года прыпынення санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.
„Гэту пазіцыю мы прама даводзім да нашых амерыканскіх калег падчас рэгулярных кантактаў, — адзначыў Глаз. — Поўнага разумення па гэтым пытанні паміж намі пакуль не дасягнута. Але разам з тым санкцыі ў дачыненні да канцэрна „Белнафтахім” і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго склад, прыпыненыя на паўтара года, а не на год, як гэта было ў мінулы раз. Гэта сведчыць пра пэўны прагрэс”.
Паводле яго слоў, МЗС разлічвае, што гэта рашэнне стане „чарговым крокам на шляху поўнай адмены санкцыйных і іншых абмежаванняў у гандлі з Рэспублікай Беларусь”.
Як раней паведамляў БелаПАН, Злучаныя Штаты Амерыкі працягнулі да 26 красавіка 2021 года рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Адпаведнае паведамленне апублікавана 22 кастрычніка на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.
Гаворка ідзе пра Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.
Згодна з паведамленнем Мінфіна ЗША, „усе аперацыі, забароненыя прэзідэнцкім указам 13405 (прыняты 16 чэрвеня 2006 года. — БелаПАН.) аб увядзенні санкцый супраць гэтых кампаній, а таксама іх даччыных прадпрыемстваў і актываў, якія належаць ім больш чым на 50%, дазваляюцца, калі не падпадаюць пад асабліва абгавораныя выключэнні”.
Як тлумачыць Мінфін ЗША, выключэннем з’яўляецца тое, што любая ўласнасць і актывы гэтых прадпрыемстваў застаюцца блакіраванымі і „не могуць быць перададзеныя, выплачаныя, экспартаваныя, канфіскаваныя або як-небудзь інакш выкарыстаныя”. Пры пасярэдніцтве гэтых прадпрыемстваў забароненыя прамыя або ўскосныя здзелкі з іншымі асобамі, якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.
Амерыканскія грамадзяне, якія ўступаюць у дзелавыя адносіны з гэтымі дзевяццю беларускімі прадпрыемствамі, абавязаны даваць справаздачу перад Дзярждэпартаментам аб здзелках або пакетах здзелак на агульную суму большую за 50 тысяч долараў.
Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў перыядычна працягваліся.
29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышала 10 тысяч долараў, грамадзяне ЗША абавязаны паведаміць аб гэтым ва ўпраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Гэта рашэнне працягвалася кожныя паўгода.
У кастрычніку 2018 года яно было працягнута на год.
belapan.by