МЗС Расеі: Заходнія партнёры ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі



Заходнія партнёры ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі, заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава на брыфінгу 23 ліпеня, каментуючы 44-ю сесію Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), што прайшла ў Жэневе.

„Вымушаны канстатаваць, што сесія таксама прадэманстравала няздольнасць заходніх краін, развітых эканомік перад абліччам такіх глабальных выклікаў, якім стаў COVID-19, падняцца над сваімі кан’юктурнымі памкненнямі і праявіць салідарнасць, абраўшы замест гэтага шлях канфрантацыі. Як вынік — крайняя палітызаванасць і эмацыйны характар дыскусіі па сітуацыі на Філіпінах, у Венесуэле, Эрытрэі, Беларусі, М’янме, Нікарагуа і Бурундзі”, — адзначыла Захарава.

Паводле яе слоў, рэзалюцыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была прынятая СПЧ „з падачы Бруселя” напярэдадні выбараў прэзідэнта, што пройдуць 9 жніўня. „На фоне бесперапыннага патоку абвінавачванняў з боку заходніх партнёраў аб нібыта расійскім следзе ў выбарах у іх краінах, прычым усё гэта як заўсёды бяздоказна, выклікае здзіўленне тое, што як належнае ўспрымаецца ўласнае рэальнае, а не ўяўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы праз ініцыяванне такіх рашэнняў Савета. Лічым падобны падыход недапушчальным”, — заявіла Захарава.

Выклікае шкадаванне той факт, падкрэсліла яна, што „многія так званыя развітыя дэмакратыі скарысталіся ўсечанымі арганізацыйнымі параметрамі работы Савета, калі немагчымая паўнавартасная праца над тэкстамі ініцыятыў, для замацавання ў парадку дня сесіі такіх супярэчлівых канцэпцый, што дагэтуль не знайшлі належнага адлюстравання ў міжнародным праве, як адказнасць па абароне, мірныя пратэсты, а таксама для прасоўвання ўласнага тлумачэння інтэрпрэтацыі мэтаў і прынцыпаў Статута ААН з прыцэлам на перакройванне ўсёй архітэктуры міжнародных адносін”.

„Расчараваныя негатоўнасцю асобных нашых калегаў у Савеце весці адкрыты і раўнапраўны дыялог, улічваць заклапочанасці і інтарэсы іншых краін. Хацелі б зноў заклікаць заходніх партнёраў сумеснымі намаганнямі вярнуць СПЧ у рэчышча ўзаемапаважлівага і раўнапраўнага супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека”, — сказала Захарава.

17 ліпеня Савет па правах чалавека ААН прыняў рэзалюцыю, якой яшчэ на год працягнуў мандат спецдакладчыка па Беларусі.

Дакумент заклікае беларускія ўлады гарантаваць правядзенне свабодных, сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама прыняць меры для спрыяння мірнаму працэсу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

СПЧ ААН заклікаў улады Беларусі супрацоўнічаць са спецыяльным дакладчыкам Анаіс Марэн, у прыватнасці дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасцю.

Беларусь таксама павінна выканаць рэкамендацыі спецдакладчыка і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі спецыяльнымі працэдурамі ААН, гаворыцца ў рэзалюцыі.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 22 члены СПЧ ААН, супраць — 5, 20 — устрымаліся.

Мандаты спецдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя Саветам ААН па правах чалавека летам 2007 года. Гэта адбылося ў выніку палітычнага націску дзеля захавання права прызначаць дакладчыкаў па асобных краінах і працягу працы іншых краінавых дакладчыкаў. На скасаванні мандата настойвалі беларускія ўлады, абвінавачваючы спецдакладчыка Адрыяна Севярына ў палітычнай ангажаванасці і скажоным інфармаванні ААН аб сітуацыі ў краіне.

У ліпені 2012 года СПЧ ААН вырашыў зноў увесці мандат спецдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэння правоў чалавека. У адказ афіцыйны Мінск заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.

Увосень таго ж года на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Міклаш Харасці, які раней з’яўляўся прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Анаіс Марэн абраная на пасаду спецдакладчыка ў 2018 годзе.