МЗС: Расея не выстаўляла прэтэнзій з нагоды ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму
Расейскі бок не выстаўляў Беларусі якіх-небудзь прэтэнзій па ўвядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму, паведаміў 9 лютага на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
„Мне невядома пра нейкі фармалізаваны каталог прэтэнзій, якія б перадаў расійскі бок у наш адрас і на якія мы б павінны былі неяк адказваць у фармалізаваным рэжыме”, — заявіў Мірончык.
Як паведамлялася, 9 студзеня прэзідэнт Беларусі падпісаў указ № 8 „Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за пяць сутак праз Нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзян 80 дзяржаў. Указ набывае моц 12 лютага і распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і некаторыя іншыя дзяржавы.
Рашэнне выклікала шырокі рэзананс, у тым ліку ў расейскіх СМІ. Каментуючы сітуацыю 20 студзеня, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта „выццём і лямантам з боку некаторых сумежных дзяржаў”. „Часам знаёмішся з заўвагамі гэтых аўтараў і дзіву даешся. Гэта людзі, якія не разумеюць сутнасці ці ж спецыяльна нагнятаюць абстаноўку. Хутчэй за ўсё, спецыяльна. Адмена віз не азначае адмены пагранічнага кантролю. Як ён быў, так і ёсць. Цябе абавязкова правераць, хто ты такі, дакладна так, як у Расеі, — пашпарт паказаў, камп’ютар адзначыў. Нармальны чалавек — праходзь, пяць дзён жыві ў Беларусі. Не — камп’ютар адразу пакажа”, — сказаў прэзідэнт.
„Мы тут нічога не парушылі з пункту гледжання нашага ўнутранага заканадаўства. Гэта наша суверэннае права. І мы не парушылі нічога ў плане нашых дамоўленасцяў з іншымі дзяржавамі. Усё, пра што мы дамаўляліся, мы свята выконваем. Калі Расія заклапацілася, то я заўсёды кажу: дай бог вам несці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх пагранічных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь”, — заявіў Лукашэнка.
Ён заклікаў „спакойна на гэта рэагаваць і займацца сваёй справай”. „Зразумела, для чаго гэта робіцца. Хоць гэты дакумент паўтара года распрацоўваўся і ўзгадняўся з усімі нашымі суседзямі, у тым ліку з Расеяй. Вось адказ на ўсе гэтыя інсінуацыі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
belapan.by