МЗС: Рашэнне БДІПЧ АБСЕ стала для нас нечаканасцю



МЗС Беларусі расчараванае рашэннем Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ не ажыццяўляць назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі, заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

15 ліпеня БДІПЧ АБСЕ абвясціла, што не будзе назіраць за выбарамі з-за адсутнасці своечасовага запрашэння ад Беларусі.

„Шчыра прызнацца, рашэнне БДІПЧ стала для нас нечаканасцю, якая расчаравала. Шчыра спадзяемся, што яно будзе перагледжанае, — сказаў Глаз. — Бо сёння, дакладна ў дзень пасля рэгістрацыі кандыдатаў, у поўнай адпаведнасці з раней зробленымі публічнымі заявамі МЗС накіравала запрашэнні на выбары ў адрас Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэта нашы традыцыйныя партнёры па назіранні за выбарамі. Мы ні на крок не адступаем ад сваіх запэўненняў і абавязацельстваў, у тым ліку ў рамках АБСЕ”.

Ён падкрэсліў, што Беларусь ніколі не праводзіла выбары без назірання. „І ў гэты раз мы першапачаткова мелі цвёрды намер запрасіць назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ пасля рэгістрацыі кандыдатаў. Пра гэта неаднаразова гаварылася публічна, гэтая пазіцыя даводзілася да нашых заходніх партнёраў, а таксама да кіраўніцтва бюро і асабіста да [дырэктара БДІПЧ Інгіб’ёрг Сольрун] Гісладотыр. Мы цалкам транспарэнтныя ў гэтым кантэксце, і ўсё гэта можна пераправерыць”, — сказаў Глаз.

Паводле яго слоў, чакаецца, што найбліжэйшымі днямі Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь накіруе запрашэнні ў адрас парламенцкіх структур, такіх як Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкая асамблея СНД, Парламенцкая асамблея АБСЕ (раней у ПА АБСЕ ўжо заявілі, што не будуць праводзіць назіранне з-за пандэміі каранавіруса. — БелаПАН.) і Парламенцкая асамблея Савета Еўропы.

„Вядома, сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ўнесла свае карэктывы ў многія сферы, у тым ліку ў практыку БДІПЧ па назіранні за выбарамі, — адзначыў Глаз. — Такая сітуацыя склалася ўпершыню. Мы ўважліва аналізавалі вопыт іншых краін-удзельніц, у якіх адбыліся выбары ў апошнія месяцы. У цяперашніх асаблівых умовах у большасці, калі не ва ўсіх выпадках, БДІПЧ разгортвала спецыяльныя назіральныя місіі, якія складаюцца з некалькіх экспертаў”.

„Таму зразумела, і ў нас міжнародным назіральнікам, як і іншым удзельнікам выбарчага працэсу, неабходна будзе прытрымлівацца пэўных мер эпідэміялагічнай засцярогі, якія былі намі распрацаваны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і ЦВК, адпаведных рэкамендацый СААЗ”, — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца адкрытай для міжнароднага назірання і гатовая стварыць усе неабходныя ўмовы для эфектыўнай працы замежных назіральнікаў на выбарах, якія маюць адбыцца.

belapan.by