МЗС распрацуе новую праграму па супрацы дзяржавы і беларусаў замежжа



Міністэрства замежных спраў распрацуе новую праграму па супрацы дзяржавы і беларусаў замежжа, паведаміў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей 2 ліпеня ў Менску на адкрыцці пятага пасяджэння кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

У мерапрыемстве бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх дыяспар з 17 краін, дзяржаўных органаў і ўстаноў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кіраўнікі профільных грамадскіх аб’яднанняў. Журналістаў запрасілі толькі на пратакольную частку сустрэчы, на якой выступіў міністр.

„Хачу засяродзіць вашу ўвагу на такім важным пытанні нашага пасяджэння, як распрацоўка новай дзяржаўнай праграмы па супрацоўніцтве з дыяспарамі, — адзначыў ён. — Падпраграма „Беларусы ў свеце” [дзяржаўнай праграмы „Культура Беларусі”], у межах якой паспяхова развівалася культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа на працягу апошніх гадоў, заканчваецца ў 2020 годзе. Момант практычнай рэалізацыі гэтай падпраграмы па лініі органаў дзяржаўнага кіравання, замежных устаноў паказвае неабходнасць не абмяжоўвацца толькі культурна-гуманітарнай сферай. Мэтазгодна прапрацаваць дапаўненне новага праграмнага дакумента такімі напрамкамі, як узаемадзеянне з дыяспарамі ў сферах адукацыі, турызму, эканамічнага і навуковага супрацоўніцтва, наладжванне сувязей паміж беларускімі і дыяспаральнымі моладзевымі арганізацыямі”.

Паводле слоў Макея, дыскусія ў межах пасяджэння кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа стане „першым абмеркаваннем падыходаў да распрацоўкі новай праграмы”. Міністр выказаў спадзяванне на тое, што прадстаўнікі беларускай дыяспары вылучаць шэраг „слушных прапаноў і рэкамендацый”, з улікам якіх МЗС пачне фармаваць новую праграму.

„Новая праграма „Беларусы ў свеце” мусіць ахопліваць увесь комплекс пытанняў узаемадзеяння з дыяспарамі. Я хацеў бы, каб вы сапраўды шчыра выказалі сваё гледжанне наконт таго, якой мусіць быць будучая праграма. Мы паспрабуем улічыць усе прапановы і зрабіць так, каб мы атрымалі пэўныя канкрэтныя вынікі ў межах рэалізацыі гэтай праграмы. Як я ўжо сказаў, не трэба абмяжоўвацца толькі культурна-гуманітарнай дзейнасцю, мы мусім сюды ўключыць і пытанні адукацыі, і пытанні ўзаемадзеяння ў сферы інфармацыі. Мы мусім вызначыцца, што мы павінны яшчэ зрабіць дзеля таго, каб нашая праца з дыяспарамі знаходзіла больш водгукаў у сродках масавай інфармацыі”, — падкрэсліў Макей.

belapan.by