МЗС РБ адрэагавала на рэзалюцыю Еўрапарламента
Прынятая Еўрапарламентам рэзалюцыя па сітуацыі ў Беларусі не ўтрымлівае ні аднаго канструктыўнага узважанага тэзіса, — так адрэагавалі ў МЗС на заяву Бруселю, прынятую ў чацвер, 17 верасня.
Фота belvpo.com
У МЗС Беларусі лічаць, што рэзалюцыя нібыта паказвае неразуменне працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, і абсалютную «адарванасць ад рэалій, за што дадзены орган часта крытыкуюць грамадзяне ўнутры самога ЕЗ».
«Характэрна, што дакумент носіць відавочна агрэсіўны характар і не ўтрымлівае ніводнага канструктыўнага альбо ўзважанага тэзіса. Нават калі б і хацелася, то абаперціся ў ім няма на што. Аналіз проста падменены наборам эмацыйных прапаноў, прытым такіх ,што «хто ў лес, хто па дровы», і заклікае ў нікуды», — гаворыцца ў заяве.
У МЗС Беларусі дадалі, што еўрадэпутатам не зашкодзілі б мінімальныя веды міжнароднага права і павага суверэнітэту іншых краін.
Нагадаем, рэзалюцыя Еўрапарламента не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, затое прызнае Каардынацыйную раду апазіцыі «часовым прадстаўніком народа». А таксама Еўрапарламент заклікаў інстытуты Еўрасаюза і ўрады краін ЕЗ «вывучыць магчымасць пашырэння санкцыйнага спісу на прадмет уключэння расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».