МЗС РФ: Змена пасла ў Менску з’яўляецца нармальнай дыпламатычнай практыкай
Змена пасла Расеі ў Менску з’яўляецца нармальнай дыпламатычнай практыкай, заявіў намеснік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Карасін журналістам 3 траўня ў Ташкенце, каментуючы змену пасла ў Беларусі.
„Я катэгарычна супраць таго, каб інтэрпрэтаваць гэта як нейкі крызіс. Нармальны ход. Бываюць у дыпламатычнай практыцы розныя казусы”, — цытуе Карасіна РІА Новости.
„Адносіны паміж Расеяй і Беларуссю носяць характар стратэгічнага партнёрства, яны саюзніцкія, мы з беларусамі жывем у Саюзнай дзяржаве, думаем над тым, як паглыбляць інтэграцыю гэтай Саюзнай дзяржавы, работа вядзецца. Таму трэба з аптымізмам глядзець на будучыню адносінаў паміж Масквой і Мінскам”, — дадаў ён.
30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Абгрунтаванне — „у сувязі з пераходам на іншую працу”, паведаміла прэс-служба Крамля.
Новым паслом прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з Беларуссю.
Адстаўка Бабіча, сцвярджаюць крыніцы газеты „КоммерсантЪ”, стала вынікам неаднаразовых просьбаў Аляксандра Лукашэнкі, якія той адрасаваў асабіста Пуціну. Апошняя размова адбылася ў Пекіне, дзе Лукашэнка нібыта запэўніў расейскага калегу ў тым, што гатовы пачаць інтэграцыю, якая даўно абмяркоўваецца, але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. „Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы не ўмешвацца ва ўнутраны беларускі парадак дня”, — сцвярджае крыніца. Пры гэтым адкліканне „не варта лічыць санкцыяй” у дачыненні да Бабіча — яму можа быць прапанаваная „іншая праца”.
У сакавіку і красавіку гэтага года Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі публічнымі падыходамі да ацэнкі двухбаковых адносінаў. 20 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе каментаваць апошнія выказванні пасла. „Няправільна будзе, калі я буду каментаваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расеі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расейскай Федэрацыі — майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены”, — сказаў Лукашэнка.
belapan.by