МЗС: Стан параненага ў Турцыі беларускага дыпламата палепшыўся
Стан параненага ў Турцыі дарадцы пасольства Беларусі палепшыўся, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.
„Цяпер наш дыпламат ужо знаходзіцца ў прытомнасці, яго стан палепшыўся, дазволеныя спатканні з сям’ёй”, — сказаў ён.
Паводле слоў Глаза, на днях дарадцу наведае пасол Беларусі ў Турцыі.
„Чакаем, што сёння ён ужо будзе пераведзены з рэанімацыі. Лячэнне працягваецца і, як прагназуецца, зойме працяглы час”, — сказаў Глаз.
Інцыдэнт здарыўся ўвечары 24 ліпеня. „Каля 20 гадзін вечара дарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях нашага пасольства вяртаўся дадому з сынам, — распавёў журналістам 25 ліпеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. — У пад’ездзе дома ён сутыкнуўся з былым вайскоўцам. Паводле наяўнай інфармацыі, ён знаходзіўся на ўліку ў псіханеўралагічнай медыцынскай установе, быў псіхічна неўраўнаважаным. Ён стрэліў чатыры-пяць разоў у нашага саветніка. Наш супрацоўнік цяжка паранены, была зробленая аперацыя. Чатыры кулі не закранулі жыццёва важныя органы”.
Паводле слоў Макея, праводзіцца расследаванне, якое дасць агульную карціну здарэння. „Магчыма, напад звязаны з незадаволенасцю нападніка паводзінамі дзяцей, якія гулялі ў двары”, — сказаў міністр.
Ён абверг інфармацыю турэцкіх СМІ пра тое, што сястра нападніка нібыта працавала ў беларускім пасольстве.”Гэта інсінуацыі. Ніякая сястра нападніка не працуе ў пасольстве Беларусі ў Турцыі”, — падкрэсліў Макей.
Імя пацярпелага МЗС Беларусі не паведамляла. Паводле звестак турэцкай газеты Hurriyet, гэта Аляксандр Паганшаў.
Фота Hurriyet