МЗС Украіны не пацвердзілі закрыццё ўкраінска-беларускай граніцы
А таксама абвяргаюць абвінавачванні Лукашэнкі пра тое, што пастаўлялі зброю на тэрыторыю Беларусі.
Пра гэта ў каментары РБК-Украіна заявіў спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка.
„Украіна катэгарычна адрынае абвінавачванні Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта пастаўкі зброі. Мы ніколі не ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі. Не збіраемся гэтага рабіць і ў будучыні”, — адзначыў Нікаленка.
Паводле яго слоў, ад афіцыйнага Менска Кіеў чакае такой жа пазіцыі і каб мяжа паміж краінамі заставалася прасторай бяспекі.
„Палітыка нашай дзяржавы накіраваная на падтрыманне законных інтарэсаў беларускага народа, які заслугоўвае годнага жыцця ў дэмакратычнай краіне, дзе паважаюцца правы чалавека і існуе вяршэнства права”, – дадаў прадстаўнік МЗС.
Ніколенка адзначыў, што заявы Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны як аб знешняй пагрозе для Беларусі „ўкладваецца ў палітыку дэзінфармацыі, рэпрэсій і запалохвання беларускага насельніцтва”.
„Перакананыя, што ніякія абсурдныя абвінавачванні і запалохванні не змогуць адцягнуць беларускі народ ад дружалюбнага ўкраінскага народа і Украіны як дзяржавы, паважае і абараняе правы людзей”, – падкрэсліў ён.
Прадстаўнік МЗС таксама адзначыў, што ўкраінскі бок пакуль не атрымліваў афіцыйных паведамленняў аб закрыцці мяжы з боку Беларусі. „Ад такога кроку пацерпіць найперш беларускі народ”, – рэзюмаваў Нікаленка.