МЗС Украіны салідарызавалася з ЕЗ у ацэнцы выбараў у Беларусі
МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой „канстатуе, што афіцыйна апублікаваныя вынікі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не выклікаюць даверу ў беларускім грамадстве”.
„Мы ў цэлым падзяляем пазіцыю, выказаную Еўрапейскім саюзам аб выбарах у Беларусі. Украіна надзвычай занепакоеная выпадкамі неабгрунтаванай жорсткасці праваахоўнікаў у дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, прадстаўнікоў СМІ і замежнікаў”, — гаворыцца ў заяве, якая паступіла ў БелаПАН.
Украінскае знешнепалітычнае ведамства разлічвае, што вызваленне часткі затрыманых „стане пачаткам дыялогу ўлады з грамадзянскай супольнасцю з мэтай пошуку кампрамісаў”.
МЗС заклікае беларускае кіраўніцтва „не дапусціць далейшых пераследаў па палітычных матывах сваіх апанентаў і тых грамадзян Беларусі, якія выйшлі на вуліцы гарадоў прадэманстраваць сваю пазіцыю, а таксама старанна расследаваць усе факты неправамернага прымянення сілы супраць мірных пратэстоўцаў”.
Украіна „лічыць Беларусь асабліва блізкай краінай і гатовая прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы ёй прайсці гэты складаны этап без аслаблення суверэнітэту, урэгуляваць крызіс з захаваннем асноватворных правоў і свабод грамадзян”.
Еўрасаюз не прызнаў афіцыйныя вынікі выбараў у Беларусі, згодна з якімі Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80% галасоў, а яго асноўны канкурэнт Святлана Ціханоўская — 10%. З 9 жніўня ў краіне праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі волевыяўлення грамадзян. Падчас падаўлення пратэстаў было затрымана не менш за 6,7 тыс. чалавек, сілавікі выкарыстоўвалі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі. Адзін чалавек загінуў: 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, мяркуючы па відэазапісах, фактычна быў расстраляны ва ўпор каля станцыі мінскага метрапалітэна „Пушкінская”. МУС сцвярджае, што ў яго руках здэтанавала выбуховая прылада.
За шырокі дыялог паміж уладай і грамадствам, супраць гвалту выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Яго папярэднік на гэтай пасадзе Пётр Парашэнка заклікаў да правядзення новых выбараў.