МЗС Украіны: Юрыдычнае прызнанне Крыма расейскім адаб’ецца на ўкраінска-беларускіх адносінах



У Міністэрстве замежных спраў Украіны зыходзяць з таго, што Беларусь афіцыйна „па-ранейшаму падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах”. Такім чынам прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка пракаментаваў УНІАН заяву міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея аб прызнанні Крыма расейскай тэрыторыяй.

„Змена падыходу Беларусі для дэ-юрэ прызнання часова акупаванага Крыма тэрыторыяй Расеі пацягне непапраўныя наступствы для ўкраінска-беларускіх адносін. Спадзяемся, што ў Менску ўсведамляюць гэты аспект і не будуць рабіць захадаў насуперак нормам міжнароднага права”, — сказаў прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства.

10 лістапада ў інтэрв’ю РИА Новости Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь лічыць Крым расейскім. „Пазіцыя Беларусі па Крыме застаецца такой, якой была. Мы разумеем у рэальнасці, што Крым з’яўляецца зараз расійскай тэрыторыяй. Давайце зыходзіць з гэтага”, — сказаў ён.

Як паведамлялася, падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, якое прайшло 4 лістапада па відэасувязі (Менск — Крым), Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што Уладзімір Пуцін не запрасіў яго на паўвостраў. „Украіна закрыла для Беларусі, вы ведаеце, неба, і мы не можам ніяк трапіць цераз Украіну ў Крым, а там у нас і ўласнасць, і іншыя ёсць праблемы, — заявіў ён. — Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў, абяцаў, што з сабой возьме ў Крым, пакажа навінкі, што там новага зроблена, — зроблена нямала, па дарозе правязе ў Крым, — але вось сёння адзін паехаў і мяне з сабой не запрасіў”.

Пуцін у адказ заявіў, што будзе рады візіту Лукашэнкі ў Крым.

Лукашэнка таксама папрасіў Пуціна „хаця б праз кіраўніцтва Крыма перадаць самыя цёплыя віншаванні ад беларусаў крымчанам (у РФ 4 лістапада адзначалі дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. — БелаПАН.), пажадаць ім моцнага здароўя, мужнасці ў гэты няпросты час”. І дадаў: „Яны павінны разумець, што не адны: усе мы побач і будзем трымацца адзін за аднаго і дапамагаць”.

Тым жа вечарам старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Беларусі былы дыпламат Андрэй Савіных падчас прамога эфіру на youtube-канале „Салаўёў LIVE” (належыць вядучаму дзяржаўнага тэлеканала „Россия 1” Уладзіміру Салаўёву) сказаў, што заявы, якія прагучалі з вуснаў Лукашэнкі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета, сведчаць пра прызнанне афіцыйным Менскам Крыма як тэрыторыі Расеі.

На пытанне вядоўцы эфіру Рамана Галаванава: „Гэта ўсё ж прызнанне Крыма?” — Савіных адказаў: „Несумненна”.

„І дэ-факта, і дэ-юрэ Крым даўно быў прызнаны беларускім бокам расійскім, — заявіў ён. — Адзінае, чаго не было, — не было нейкай палітычнай заявы, каб фармалізаваць гэта, ну, скажам так, для расійскай медыйнай прасторы. Тым не менш некалькі разоў і заява прэзідэнта была аб тым, што гэта палітычная рэальнасць. Сёння гэта недвухсэнсоўна было абвешчанае. І для нас Крым, як і, скажам так, месяц таму, быў неад’емнай часткай Расійскай Федэрацыі”.