МЗС Украіны заявіў пра пагрозу зрыву менскіх пагадненняў



У сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Данбасе ўкраінскае МЗС заявіла пра пагрозу рэалізацыі менскіх пагадненняў.

„Ва Украіне з трывогай адзначаюць істотны рост з пачатку лістапада гэтага года колькасці парушэнняў рэжыму спынення агню з боку незаконных узброеных фарміраванняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, — гаворыцца ў заяве. — Асаблівы неспакой выклікае геаграфія абстрэлаў, іх інтэнсіўны і сістэматычны характар. У перыяд з 1 па 11 лістапада г.г. баявікамі ажыццёўлена больш за 240 абстрэлаў уздоўж усёй лініі размежавання, у т.л. з мінамётаў калібрам 82 мм і 120 мм, якія павінны быць адведзены згодна з мінскімі пагадненнямі”.

Акрамя таго, 2, 8 і 10 лістапада „незаконныя ўзброеныя фарміраванні правакавалі баявыя сутыкненні з падраздзяленнямі Узброеных сіл Украіны”.

У непасрэднай блізкасці да лініі размежавання „зафіксаваны высокая канцэнтрацыя цяжкага ўзбраення, у т.л. артылерыі, танкаў, разгортванне новых артылерыйскіх падраздзяленняў, актывізацыя разведвальна-дыверсійных груп, падвоз боепрыпасаў і да г.п.”. „У парушэнне менскіх пагадненняў працягваецца ўкрыццё цяжкай ваеннай тэхнікі ў забароненых раёнах”, — адзначаецца ў заяве.

Кіеў разлічвае, што спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ „неадкладна ажыццявіць усебаковае расследаванне парушэнняў мінскіх пагадненняў і дасць ім аб’ектыўную ацэнку”.

„Працягваем прытрымлівацца прынцыповай пазіцыі, што залогам належнага выканання мінскіх пагадненняў застаецца рэалізацыя Расеяй і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, якія яна падтрымлівае, мерапрыемстваў „блока бяспекі”, а менавіта: спыненне паставак Масквой узбраенняў, ваеннай тэхнікі і наёмнікаў; забеспячэнне поўнага і бесперашкоднага доступу назіральнікаў СММ АБСЕ да любога раёна, у т.л. да часова некантраляваных участкаў расійска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы; вывад узбраенняў, баевікоў і наёмнікаў з тэрыторыі Украіны; раззбраенне незаконных узброеных фарміраванняў”, — падкрэсліваецца ў заяве.

МЗС Украіны заклікае міжнародную супольнасць „узмацніць уплыў на Расейскую Федэрацыю з мэтай забеспячэння няўхільнага выканання рэжыму ўсёабдымнага спынення агню і безумоўнага выканання мінскіх дакументаў у поўным аб’ёме”.

[youtube id=”aEVNThlHytw”]

belapan.by