МЗС Украіны зоймецца пытаннем дэмаркацыі мяжы
Украінскае Міністэрства Замежных спраў вырашыла разабрацца з сітуацыяй вакол дэмаркацыі ўкраінска-беларускай мяжы на Валыні.
Фота unian.ua
Нагодай для разбіральніцтва стаў запыт аднаго з дэпутатаў Вярхоўнай Рады, у якім беларускі бок фактычна вінавацяць у прыўлашчванні ўкраінскіх водных рэсурсаў.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Скандал вакол украінска-беларускай дэмаркацыі распачаўся яшчэ ў красавіку, у вёсцы Ветлы Любешаўскага раёна Луцкай вобласці, што знаходзіцца ў кіламетры ад дзяржаўнага кардону. Вяскоўцы сцвярджалі, што падчас палявых працаў беларускія памежнікі перайшлі мяжу, якая праходзіць па Жыроўскім канале, і пачалі секчы дрэвы на ўкраінскім беразе. Неўзабаве на ўкраінскім беразе з’явілася і беларуская будаўнічая тэхніка. Працы былі спыненыя пасля таго, як вяскоўцы паабяцалі яе спаліць.
Валыняне сцвярджаюць, што праз дэмаркацыю Украіна можа страціць кантроль не толькі над воднымі рэсурсамі Жыроўскага канала, але і над Белым Возерам, што знаходзіцца непадалёк.
Палявыя працы па дэмаркацыі часова прыпыненыя. Імаверна, яны будуць адноўленыя толькі пасля кансультацый украінскіх і беларускіх дыпламатаў.
І беларускія, і ўкраінскія памежнікі запэўніваюць, што палявыя працы па дэмаркацыі адбываюцца згодна дамовы між Беларуссю і Украінай пра дзяржаўную мяжу ад 12 траўня 1997 года, паводле каторага размежаванне акурат і праходзіць праз Жыроўскі канал.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя