МЗС выдала першыя акрэдытацыі журналістам замежных СМІ пасля ўвядзення новых правілаў
Міністэрства замежных спраў Беларусі выдала першыя акрэдытацыі журналістам замежных СМІ пасля ўвядзення новых правілаў, паведамляе прэс-служба ведамства.
„Першыя акрэдытацыйныя карткі журналіста замежнага СМІ згодна з новым палажэннем аб акрэдытацыі гатовыя і выдадзены: BBC, ARD, DW, Rai, El Pais, ВГТРК, НТВ, Россия сегодня, National Public Radio, NY Times і інш.”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС у „Твітэры”.
2 кастрычніка Савет міністраў зацвердзіў новую рэдакцыю палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Беларусі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. З гэтага дня раней выдадзеныя акрэдытацыі перасталі дзейнічаць. Новыя заяўкі на часовую акрэдытацыю разглядаюцца на працягу пяці дзён, на пастаянную — 30.
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што новае палажэнне „стала шмат у чым больш ліберальным за папярэдняе” і гэта „не нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненне акрэдытацый ці яшчэ нешта з гэтым звязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ паводле новых правілаў”.
Найбольш важным новаўвядзеннем у параўнанні з рэдакцыяй дакумента ад 25 снежня 2008 года з’яўляецца пункт аб тым, што „ў якасці журналістаў замежных СМІ акрэдытуюцца, як правіла, грамадзяне дзяржаў, у якіх зарэгістраванае замежнае СМІ”.
Акрэдытаваныя журналісты павінны выконваць мясцовае заканадаўства, кіравацца асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ ў краіне, прытрымлівацца нормаў прафесійнай этыкі. Апошніх двух пунктаў не было ў папярэдняй рэдакцыі дакумента — яна рэгулявала ў першую чаргу працэдурныя моманты акрэдытацыі, але не пастулявала патрабаванні агульнага характару.
У канцы жніўня былі пазбаўленыя акрэдытацыі каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў замежных СМІ, у ліку якіх беларускія карэспандэнты BBC, Reuters, AFP, RFI, тэлеканала „Настоящее Время” і інш.