МЗС выказала Расеі пратэст у сувязі з выказваннямі Рашэтнікава
Саветнік-пасланнік пасольства Расеі Вадзім Гусеў 22 снежня быў выкліканы ў МЗС Беларусі. Як паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, яму заяўлены пратэст у сувязі з выказваннямі дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы „Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў” (РІСД) Леаніда Рашэтнікава ў адрас Рэспублікі Беларусь.
„Беларускім бокам была дадзеная прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых братніх дзяржаў, — павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці”.
Напярэдадні ў інтэрнэце было размешчана відэа з выказваннямі Рашэтнікава адносна незалежнасці Беларусі і беларускай мовы.
У Беларусі, заявіў ён, „усё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнарыя”. „Сітуацыя вельмі для нас неспрыяльная. Працэсы вельмі падобныя і, на жаль, не бачым працэсаў, якія ім супрацьстаяць. І гэтая лінія на як бы такое аддзяленне беларусаў ад рускіх, вось гэта стварэнне такога плота паміж беларусамі і рускімі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным плане, і нават у нейкай ступені ў духоўным, яна відавочная проста”, — сказаў Рашэтнікаў.
Што тычыцца беларускай мовы, то, спаслаўшыся на газету „Праўда” 1926 года выпуску, ён заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК УКП(б).
„Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, атрымліваецца, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзеная тады, яна зараз ірванула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі, — заявіў Рашэтнікаў. — Гэта вельмі, вельмі вялікі непакой выклікае ва ўсіх нас, я думаю, і ў нашага кіраўніцтва таксама. Трэба ў дыскусіях хаця б казаць пра гэта адкрыта. Многія цяпер адцягнутыя Сірыяй і Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць — гэта гістарычная частка вялікай Расіі, велізарнай Расіі, гэта частка нашага народа. Гэтак жа і з Беларуссю”.
Кажучы пра беларускае кіраўніцтва, Рашэтнікаў адзначыў: „Пра што яны думаюць? Незразумела — ці то пра ўласнае становішча, ці то яшчэ пра нешта… Аддаліцца ад Масквы і аддацца каму-небудзь іншаму — вось што атрымліваецца”.
„Якая Беларусь незалежная ад Масквы? І як гэта Масква ёй нічога дыктаваць не можа?” — пацікавіўся дырэктар РІСД.
Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў быў заснаваны згодна з указам прэзідэнта РФ у 1992 годзе. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі і іншыя структуры расейскай улады.
2 лістапада гэтага года Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб зняцці Рашэтнікава з пасады дырэктара ўстановы „Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў” з 4 студзеня 2017 года. Новым дырэктарам РІСД стане Міхаіл Фрадкоў.