МЗС выпрацуе рэкамендацыі з-за ўвядзення ва Украіне ваеннага становішча



Міністэрства замежных спраў Беларусі пасля атрымання ўсёй падрабязнай інфармацыі выпрацуе рэкамендацыі для беларускіх грамадзян у сувязі з увядзеннем ва Украіне ваеннага становішча. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

„Мы пакуль маем толькі тую інфармацыю, якую атрымалі з СМІ. Пасольству Беларусі ва Украіне дадзены адпаведныя ўказанні адносна ўдакладнення ўсіх тых наступстваў, якія звязаны з увядзеннем ваеннага становішча ва Украіне”, – сказаў міністр.

Паводле яго слоў, ведамства будзе выпрацоўваць адпаведныя рэкамендацыі для беларускіх грамадзян зыходзячы з аналізу ўсёй атрыманай інфармацыі.

Адначасова Уладзімір Макей спаслаўся на заяву амбасадара Украіны ў Беларусі, што ніякіх абмежаванняў у дачыненні да праезду грамадзян Беларусі не мяркуецца. „Што датычыцца нашых гандлёва-эканамічных, гуманітарных кантактаў і сувязяў, мы спадзяемся на тое, што ніякіх негатыўных наступстваў дадзенае рашэнне не прынясе”, – дадаў міністр.

zviazda.by