МЗС высвятляе абставіны затрымання ў Конга беларускага бізнесмена Аляксандра Зінгмана



МЗС высвятляе абставіны затрымання ў Конга беларускага бізнесмена Аляксандра Зінгмана, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

„Мы ў курсе гэтай сітуацыі, займаемся ёй у рамках аказання консульскага садзейнічання беларускім грамадзянам, — заявіў Глаз. — Цяпер удакладняем усе абставіны, працуем з прадстаўнікамі ўладаў адпаведнай краіны. Калі будзе больш падрабязная інфармацыя, мы абавязкова яе дадзім”.

Пра затрыманне беларускага бізнесмена паведаміла афрыканскае выданне Daily Maverick. Як піша газета, Зінгман быў арыштаваны кангалезскай паліцыяй у Лубумбашы пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам Жазэфам Кабілом.

Крыніца, блізкая да дзейнай адміністрацыі прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Фелікса Чысекедзі, пацвердзіла факт затрымання Зінгмана. Яна паведаміла, што пасля сустрэчы з Кабілом бізнесмен вылецеў з Кіншасы ў Лубумбашы, дзе быў дапытаны паліцыяй аб яго бізнесе ў ДРК. Крыніца сцвярджае, што Зінгман не змог растлумачыць прычыну свайго візіту ў Конга.

Паводле звестак выдання, Зінгман мае грамадзянства дзвюх краін — ЗША і Беларусі. Паводле слоў кангалезскай крыніцы, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Зімбабвэ аказвалі ціск з мэтай вызвалення бізнесмена. Аднак кангалезскі чыноўнік сказаў, што яны „пакуль будуць яго ўтрымліваць”.

Іншая крыніца ў ДРК сцвярджае, што Зінгман прапаноўваў прадаць зброю былому прэзідэнту, адносіны якога з яго пераемнікам лічацца напружанымі. Крыніца заявіла, што няма ніякіх доказаў таго, што Кабіла запрашаў на сустрэчу або згаджаўся на якія-небудзь здзелкі па зброі.

Зінгман з’яўляецца ганаровым консулам Зімбабвэ ў Беларусі.

БелаПАН