МЗС: Высылка дыпламата – недружалюбны крок Кіева



У МЗС Беларусі рашэнне ўкраінскага боку аб высылцы з Украіны беларускага дыпламата расцэньваюць „як абсалютна беспадстаўнае”. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэя Шупляка, размешчаным на сайце знешнепалітычнага ведамства.

„Выказваем шкадаванне ў сувязі з гэтым недружалюбным крокам Кіева”, — заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.

Аб высылцы з Кіева супрацоўніка пасольства Беларусі паведаміла сёння прэс-сакратар МЗС Украіны Мар’яна Беца. У МЗС Украіны заявілі, што беларус высланы з Кіева на аснове прынцыпу ўзаемнасці ў адказ на аб’яву ў Беларусі персонай нон грата першага сакратара ўкраінскага пасольства Ігара Скварцова.

„У сувязі з інфармацыяй беларускага боку аб аб’яўленні персонай нон грата супрацоўніка пасольства Украіны ў Беларусі хацелі б адзначыць, што ўкраінскі бок на аснове прынцыпу ўзаемнасці таксама выслаў беларускага дыпламата з Украіны”, — сказала Беца.

Пазней прэс-сакратар МЗС Украіны паведаміла СМІ, што высланы дыпламат працаваў першым сакратаром пасольства Беларусі ва Украіне.

25 кастрычніка з Беларусі быў высланы першы сакратар пасольства Украіны ў Менску Ігар Скварцоў. На брыфінгу 20 лістапада афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў, што Скварцоў аб’яўлены ў Беларусі персонай нон грата. Паводле звестак КДБ, Ігар Скварцоў з’яўляецца супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. Пад дыпламатычным прыкрыццём ён каардынаваў дзейнасць Паўла Шаройкі, затрыманага беларускімі спецслужбамі 25 кастрычніка. У дачыненні да грамадзяніна Украіны Шаройкі, які быў акрэдытаваны ў Менску як карэспандэнт Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны, распачата справа па артыкуле 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж). Ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ.

belapan.com