На 3 красавіка запланаваная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна



На 3 красавіка запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 29 сакавіка ў Менску на адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выставы „Белтэкслегпрам. Вясна-2017”.

На ўдакладняльнае пытанне БелаПАН, ці паляціць Лукашэнка на сустрэчу ў Маскву, Сямашка адназначнага адказу не даў: „Ну, напэўна”.

„Я не магу канстатаваць, што ўсё ў нашых адносінах добра, — зазначыў ён. — Ёсць пэўныя адкаты. Тэмы адзінага рынку без выключэнняў і пазбягання няправільных дзеянняў будуць абмяркоўвацца ў панядзелак, 3 красавіка, на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў”.

Паводле слоў Сямашкі, будзе абмяркоўвацца тэма, „што трэба зрабіць, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для працы без усялякай дыскрымінацыі”.

Чыноўнік падкрэсліў, што беларуская эканоміка застаецца адкрытай і ёй трэба прадаваць да 70% ВУП, „каб потым купляць нафту і газ, неабходныя для вытворчасці”.

Як адзначыў Сямашка, 10 гадоў таму 70-75% экспарту „прадавалася ў нашу дружалюбную краіну Расею”. „І гэта было не вельмі правільна, таму мы праводзім дыверсіфікацыю экспарту”, — сказаў ён.

Паводле інфармацыі намесніка прэм’ер-міністра, у 2016 годзе доля РФ у беларускім экспарце склала 52%. „Расея застаецца нашым асноўным партнёрам”, — падкрэсліў Сямашка.

Як паведамлялася раней, 30 сакавіка ў Маскве павінны прайсці перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева. Паводле звестак прэс-службы ўрада РФ, прэм’еры абмяркуюць інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя таго, „будуць закранацца актуальныя пытанні расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне энергетыкі, прамысловасці і аграпрамысловага комплексу”.

З канца 2015 года паміж Менскам і Масквой не ўрэгуляванае пытанне кошту газу, які пастаўляе Расея. Суму недаплаты расійскія профільныя чыноўнікі ацэньваюць ужо ў 600 млн долараў. У адказ РФ значна скараціла пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Бакі неаднаразова публічна крытыкавалі адзін аднаго, аднак 28 сакавіка Лукашэнка на сустрэчы з паслом Арменіі заявіў, што ў яго з Пуціным „бліскучыя адносіны”. „І падбярэм час, сустрэнемся. Калі ёсць нейкія праблемы, мы іх вырашым. Без пасрэднікаў мы вырашым, удваіх, і нам не трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Я яму неяк публічна сказаў: можа быць, яшчэ будзе час, калі прыйдзецца спіной да спіны стаць і адстрэльвацца, ну, як вайсковыя людзі кажуць”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 22 лістапада 2016 года ў Маскве на юбілеі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Паводле звестак прэс-службы Крамля, падчас двухбаковай сустрэчы яны абмеркавалі ключавыя пытанні беларуска-расійскіх адносін, перспектывы прасоўвання еўразійскай інтэграцыі, актуальныя міжнародныя праблемы.

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, правядзенне якога анансавалася ў лютым, так і не адбылося.

Не атрымалася ў Лукашэнкі сустрэцца з Пуціным і падчас тыднёвага адпачынку ў Сочы ў другой палове лютага, хоць у папярэднія гады такія нефармальныя сустрэчы на расійскім курорце праводзіліся.