На адкрыцці Еўрапейскіх гульняў прысутнічаў прэзідэнт Косава Хашым Тачы



На адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў у Менску 21 чэрвеня прысутнічаў прэзідэнт не прызнанага афіцыйным Менскам Косава Хашым Тачы. Пра яго візіт беларускі бок не паведамляў.

На сайце прэзідэнта Косава — аўтаномнага краю, які Бялград па-ранейшаму лічыць тэрыторыяй Сербіі, — гаворыцца, што Тачы прыбыў на цырымонію па запрашэнні прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янеза Качыянчыча, пад эгідай якіх праходзяць спаборніцтвы. „Падняты наш сцяг побач з іншымі сцягамі свету ў цэнтры Беларусі стаў нашай першай перамогай. Я ўпэўнены ў поспеху нашай алімпійскай зборнай”, — напісаў Тачы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Твітэр”.

Твіт, размешчаны раніцай 22 чэрвеня, суправаджаецца фотаздымкамі са стадыёна „Дынама”, на адным з якіх выяўлены Тачы, які апладуе сваёй зборнай у час парада спартсменаў. Вечарам лідар Косава апублікаваў фатаграфію са спаборніцтваў па дзюдо, на якіх член зборнай алімпійская чэмпіёнка — 2016 Мейлінда Кальменды заняла першае месца.

Удзел Косава ў спаборніцтвах стаў прычынай дэмаршу з боку прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, які прыляцеў на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў, але на цырымонію не пайшоў. У Менску ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым і прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

belapan.by