На адкрыццё сумесных вучэнняў „Захад-2021” прыбыла расейская вайсковая дэлегацыя
Расейская вайсковая дэлегацыя на чале з намеснікам міністра абароны Юнус-Бекам Еўкуравым 8 верасня прыбыла ў Беларусь для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця сумесных стратэгічных вучэнняў „Захад-2021”, якая адбудзецца 9 верасня, паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.
Вучэнні „Захад-2021” пройдуць 10—16 верасня на чатырох беларускіх палігонах (230-ты агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, 174-ты навучальны палігон ВПС і войскаў СПА Даманаўскі, 210-ты авіяпалігон Ружанскі, Берасцейскі палігон) і дзевяці расейскіх палігонах (Кірылаўскі, Стругі Чырвоныя, Муліна, Пагонава, Хмелеўка, Праўдзінскі, Дабравольскі, Дарагабуж, Вольскі).
Да часткі вучэнняў, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі, прыцягнуць каля 12,8 тыс. чалавек, у тым ліку каля 2,5 тыс. расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх вайскоўцаў са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Таксама будзе задзейнічана да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі (у тым ліку каля 140 танкаў), каля 110 адзінак артылерыі і ракетных сістэм залпавага агню, больш за 30 самалётаў і верталётаў.
На тэрыторыі РФ ад Узброеных сіл Беларусі ў вучэннях будуць удзельнічаць каля 400 вайскоўцаў, задзейнічаюць больш за 30 адзінак баявой тэхнікі.
Да 30 верасня асабісты склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка беларускай арміі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а воінскія часці і падраздзяленні ВС Расеі пакінуць тэрыторыю Беларусі.
Паводле інфармацыі Мінабароны Беларусі, пры распрацоўцы сцэнара вучэнняў выкарыстаны „адзін з магчымых варыянтаў развіцця ваенна-палітычнага становішча, які прадугледжвае абвастрэнне міжнародных супярэчнасцяў да ўзроўню, здольнага прывесці да дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне, а таксама развязвання агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы”.
„У яго аснову пакладзены сцэнар узнікнення крызіснай сітуацыі нарастання і ўзнікнення канфлікту, звязанай з узрастаннем актыўнасці дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў, сепаратысцкіх і міжнародных тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Пры гэтым тэрыторыі супрацьлеглых бакоў і дзяржаўныя межы вызначаны ўмоўна”, — падкрэсліваюць у ваенным ведамстве.
Вучэнні, як сцвярджаюць у міністэрстве, носяць „цалкам абарончы характар ” і не нясуць „ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці”.
БелаПАН