На агітацыйную кампанію Караткевіч не хапіла сродкаў
Галоўны недахоп агітацыйнай кампаніі ў падтрымку Таццяны Караткевіч на Гарадзеншчыне – адсутнасць дастатковай колькасці фінансавых сродкаў на выбарчым рахунку кандыдата ў прэзідэнты. У сувязі з гэтым агітацыйныя матэрыялы былі надрукаваныя абмежаванымі накладамі і з’явіліся толькі ў абласным цэнтры.
Як зазначае Зьміцер Бандарчук, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, недахоп фінансавых сродкаў для агітацыі на Гарадзеншчыне спрабавалі кампенсаваць актыўнай агітацыяй праз інтэрнэт:
– Была магчымасць даваць інфармацыю пра тыя падзеі і сустрэчы, якія будуць з кандыдатам. І гэта вельмі нам дапамагло. На тым этапе, калі ў нас была нейкая пауза з агітацыйнымі матэрыяламі, мы выкінулі макеты ўсіх лістовак у інтэрнэт і сказалі, хто можа, калі ласка, раздрукуйце і дапамажыце нам з агітацыяй. І мы бачылі, што вельмі шмат людзей скарысталася такім спосабам распаўсюду інфармацыі.
Адзіны кандыдат у прэзідэнты, які ўвогуле не ажыццяўляў агітацыйнай кампаніі на Гарадзеншчыне, – Мікалай Улаховіч. Кіраўнік беларускага казацтва і старшыня малавядомай Беларускай патрыятычнай партыі не сабраў на Гарадзеншчыне ніводнага подпісу ў сваю падтрымку, у сувязі з чым і правядзенне агітацыйнай кампаніі палічыў немэтазгодным.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня