На Астравеччыне ўчастковыя камсіі сфармавалі патаемна



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч накіраваў скаргу ў суд Астравецкага раёна на дзеянні Астравецкага райвыканкама, які адмовіў ва ўключэнні яго ў склад участковай камісіі. Мікалай Уласевіч вылучаўся партыяй АГП у склад Варнянскай учасковай камісіі №7, аднак не быў туды ўключаны.

Як адзначае Мікалай Уласевіч, пасяджэнне па фармаванні ўчастковых камісій у Астравецкім раёне праходзіла з парушэннем прынцыпаў адкрытасці і галоснасці. Фактычна яно прайшло ў закрытым рэжыме:

– Завяршылася высоўванне ў склад участковых камісій 23-га – гэта была нядзеля. 24-га мой калега Іван Крук хадзіў у райвыканкам, спытаў: “Калі будзе пасяджэнне райвыканкама?”. Паводле закону гэта пасяджэнне па фармаванню камісій павінна было адбыцца не пазней за 26-га. Яму сказалі: “Чытай сайт райвыканкама”. Аднак там ніякай інфармацыі не было. 26-га апошні дзень, я патэлефанаваў і спытаў: “Калі будзе пасяджэнне? Сёння апошні дзень”. Cказала, што пасяджэнне было ўчора – камісіі сфармаваныя. Згодна з законам нам прадстаўляецца тры дні для абскарджання.

Мікалай Уласевіч не быў праінфармаваны пра месца і час правядзення пасяджэння, нягледзячы на свой своечасовы зварот. Мікалай Уласевіч просіць прызнаць рашэнне па фармаванні ўчастковых камісій у Астравецкім раёне незаконным і перагледзець яго.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя