На беларуска-еўрапейскім фронце – без зменаў
Нягледзячы на скасаванне санкцый з боку ЕЗ, шэрагу візітаў рознага рангу брусельскіх чыноўнікаў у Менск ды ваяжы беларускіх па еўрапейскіх салонах, у дачыненнях афіцыйнага Менска і Бруселя дасягнута пэўная мяжа. Такое меркаванне на старонках „Belarus Digest” выказвае палітычны карэспандэнт і рэдактар беларускага інфармацыйнага партала TUT.by. Арцём Шрайбман.
Арцём Шрайбман: Дзеля далейшага паляпшэння дачыненняў у Бруселі, відавочна, чакаюць ад Менска нейкіх больш заўважных крокаў па балючых для Беларусі тэмах: гэта правы чалавека, рэформы выбараў і г.д. Тыя крокі, якія Менск гатовы прапанаваць (кшталту толькі абмеркаванне смяротнага пакарання, дыялог па правах чалавека ці частковае выкананне 2 з 30 рэкамендацый АБСЕ), відавочна, недастатковыя для Бруселя. І ёсць пэўнае незадаволенне, якое прагучала падчас апошняга візіту дэлегацыі Еўрапарламента, што ўсё ідзе не так, як разлічвалі.
Таксама трэба разумець, што ў беларускага кіраўніцтва ёсць таксама пэўнае расчараванне ў тэмпе паляпшэння дачыненняў і адсутнасці на дадзены момант значнага фінансавага складніка. У Менску, відавочна, чакалі больш амбіцыйных фінансавых праектаў, мабыць, дапамогі ў выхадзе на крэдытныя рынкі. І менавіта таму Аляксандр Лукашэнка падчас свайго нядаўняга паслання народу і парламенту назваў сённяшні этап развіцця дачыненняў паміж Еўразвязам і Беларуссю «гаварыльняй».
Гэта не расчараванне, але першыя сігналы таго, што набліжаемся да сітуацыі, калі бакам не будзе чаго прапанаваць адзін аднаму. Але я не кажу, што так будзе дакладна.
РР: Пытанні палітычных рэформаў і грошай у выпадку дачыненняў Менска і Бруселя – глабальныя. Пры гэтым існуе цэлы шэраг пытанняў, што дагэтуль не вырашаны. Гэта пытанне падпісання дамовы пра рэадмісію, спрашчэнне візавага рэжыму, малы памежны рух. Ці чакаеце, што калі гэтыя грандыёзныя глабальныя пытанні не будуць вырашацца, то будуць вырашацца больш дробныя?
Арцём Шрайбман: Мне здаецца, што гэта і ёсць сведчанне таго, што я кажу: калі ёсць нейкая пазітыўная дынаміка ў дачыненнях, то яна распаўсюджваецца на ўсе сферы гэтых дачыненняў і іх чыннікі. І ў абодвух бакоў я не бачу глыбокай зацікаўленасці ў вырашэнні гэтых пытанняў як мага хутчэй. Таму цягнецца папросту працэс перамоў.
Ёсць пэўныя тэхнічныя праблемы, якія бакія дагэтуль не могуць вырашыць. І я не чакаю, што мы пабачым у гэтым годзе падпісанне візавых дамоваў. У мяне складваецца такое ўражанне, што бакі чакаюць нешта яшчэ, каб канчаткова ўступіць на дарогу паляпшэння адносінаў.
Таксама можна праглядаць тут іншае пытанне. Напрыклад, пытанне атамнай электрастанцыі. Літва даволі паспяхова ставіць яго на павестку дня, калі ідзе гаворка пра дачыненні паміж Еўразвязам і Беларуссю. І гэтае пытанне таксама можа ўскладніць перспектывы пацяплення гэтых адносінаў.
Таксама няма нейкага сапраўднага пазітыву на прапанову Уладзіміра Макея, якую ён неаднаразова паўтарыў: падпісаць пагадненне з ЕЗ пра супрацу і партнёрства. Гэта базавы дакумент, які ёсць у Езразвяза амаль з кожнай краінай-суседкай і амаль з кожнай краінай СНД. На што Брусель пакуль адказвае: «Не».
Магчыма, мы крыху пераацэньваем ступень зацікаўленасці, прынамсі Бруселя, у фарсіраванні пацяплення дачыненняў з Менскам.
РР: У сваім артыкуле Вы пішаце, што, магчыма, нешта зрушыцца з мёртвай кропкі пасля парламенцкіх выбараў 11 верасня. Але Вашы словы пра тое, што Брусель, магчыма, не на столькі зацікаўлены ў паляпшэнні адносінаў, паўплывае ўсё ж на беларускія ўлады, якія таксама асабліва не будуць старацца паказаць гэтыя выбары дэмакратычнымі.
Арцём Шрайбман: Так. Гэта зараз не пытанне жыцця і смерці для беларускіх уладаў. Відавочна, што тых фінансавых пернікаў, на якія спадзявалася Беларусь, няма. І наўрад ці яны будуць. Бо еўрапейскія праграмы працуюць не так, як расейскія датацыі і крэдыты. Таму я лічу, што Лукашэнка і ўвогуле беларуская ўлада могуць схіліцца да больш ліберальнага стаўлення да парламенцкай кампаніі. Магчыма, прапусцяць 1-2 больш лаяльных апазіцыянераў у парламент, і толькі ў выпадку, калі грунтоўна зменіцца яе калькуляцыя. Напрыклад, гэта можа быць брутальнае пагаршэнне дачыненняў з Масквой або сур’ёзнае пагаршэнне эканамічнага стану, калі трэба будзе паказаць Еўразвязу, што Беларусь гатова нават на фарсіраванне пацяплення адносінаў, таму і робіць вось такі незвычайны, нечаканы ад яе крок – прапускае апазіцыянераў. Але пакуль гэтага не бачна. Бо пакуль што Расея дала нейкі крэдыт, пакуль нібыта стабілізавалася цана на нафту і не падае. Таму няма папросту дастатковай матывацыі ў беларускага боку, каб нешта мяняць радыкальна. Пакуль гэта мяккае і павольнае пацяпленне дачыненняў з Еўразвязам. У прынцыпе, гэта ім цалкам зараз падыходзіць.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by