На беларускіх выбарчых участках перамог Уладзімір Зяленскі



Уладзімір Зяленскі перамог на беларускіх участках для галасавання ў другім туры выбараў прэзідэнта Украіны. Ён атрымаў 68,48% галасоў (767 з 1.120). У суперніка шоумена — дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі — 30,45% (341). 1,07% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі, сведчаць звесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны.

Яўка выбаршчыкаў склала 9,12% (у спісы выбаршчыкаў было ўнесена 12.285 чалавек).

Участкі для галасавання былі адкрытыя ва ўкраінскім пасольстве ў Менску і консульстве ў Берасці. Зяленскі атрымаў у Менску 64,36% галасоў (529 з 822), у Берасці — 79,87% (238 з 298). Вынік Парашэнкі: 34,31% у сталіцы і 19,80% у абласным цэнтры.

У першым туры 31 сакавіка яўка ўкраінскіх выбаршчыкаў у Беларусі склала 8,67%. Першае месца заняў Зяленскі з 41,03% галасоў, другое — Парашэнка з 24,98%.

Як паведамляе ЦВК, згодна з вынікамі падліку 34,04% галасоў, у другім туры перамагае Зяленскі — 73,28% галасоў. У Парашэнкі 24,37%. Несапраўднымі прызнаныя 2,33% бюлетэняў. Яўка склала 62,07%.

belapan.by

Фота Минск-Новости