На Берасцейшчыне акрэдытавана каля 700 назіральнікаў
Амаль 700 назіральнікаў у тэрытарыяльных і ўчастковых камісіях акрэдытавана ў Берасцейскай вобласці. Такія дадзеныя агучаныя прадстаўнікамі Берасцейскай абласной выбарчай камісіі.
50 чалавек атрымалі афіцыйны дазвол на назіранне ў тэрытарыяльных камісіях, астатнія 600 – ва ўчастковых камісіях.
Незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін адзначыў, што не ўсе асобы маюць роўныя магчымасці для акрэдытацыі:
– На апошнім паседжанні камісіі было акрэдытавана 3 асобы, 2 асобы прыйшлі з выняткамі пратаколаў. А трэці чалавек быў проста ўпісаны ў журнал рэгістрацыі назіральнікаў ад выканкаму СНГ. Ніякага дакументу аб ягоным вылучэнні ці накіраванні не было. Мне патлумачылі, што ён акрэдытаваны ў ЦВК і мае права прысутнічаць тут.
У Берасцейскай вобласці створана 939 участкаў для галасавання, дзевяць з якіх – новыя. Таксама ў рэгіёне будуць працаваць 36 зачыненых участкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота reporter.by