На Берасцейшчыне масава выкажуць пратэст дэкрэту №3



У Берасці рыхтуюць дзясятак заяваў да гарадскіх уладаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Прычына – прыняцце дэкрэта аб „тунеядцах” і магчымае масавае парушэнне з яго дапамогай правоў грамадзян, у тым ліку Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакту „Аб грамадзянскіх і палітычных правах”. Заяўкі афармляюцца на пікеты ў розных кропках гораду, у тым ліку цэнтральных, – распавёў адзін з заяўнікаў масавага мерапрыемства Уладзімір Вуек:

– Плануем звярнуць увагу грамадзян на гэты драконаўскі дэкрэт №3, так званы закон аб «дармаедах». Не зусім нам зразумела, хто павінен плаціць, бо нашыя грамадзяне і так удзельнічаюць у падаткаабкладанні краіны. Гэта і НДС, гэта і акцызны збор. І што гэта за дэкрэт №3 – што гэта за такі падатак. Нам гэта не зусім зразумела.

Усе пікеты будуць пададзеныя сябрамі берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Заяўкі на масавыя мерапрыемствы будуць таксама адпраўленыя да ўладаў у іншых абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя