На Берасцейшчыне сабралі 10 тыс. подпісаў да Таццяну Караткевіч



Дзесяць тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Таццяны Караткевіч ад ініцыятывы ’’Народны рэферэндум’’ сабралі актывісты кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ разам з сябрамі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Пра гэта паведаміў кіраўнік штабу па Берасцейскай вобласці Ігар Маслоўскі. Збор подпісаў працягваецца, падтрымаць патэнцыйнага кандыдата можна ў некалькіх кропках у цэнтры гораду. Палітык перакананы, што з кожным днём павялічваецца колькасць грамадзян, якіх цікавіць лёс краіны:

– Я ганаруся нашымі прыхільнікамі, бо кожны дзень дзясяткі разоў чую, калі людзі падыходзяць да нас на пікетах, хвалююцца за нас, распытваюць: колькі мы сабралі подпісаў? ці паспеем мы сабраць подпісы? Многія кажуць: зараз я прывяду жонку, ці брата, ці сваяка, няхай таксама падпішацца за вас. Гэта такія ўдзячныя нашыя прыхільнікі, мы ім кажам вялікае дзякуй, яны праяўляюць салідарнасць з намі у гэтай кампаніі.

Па ўсёй Беларусі ўжо сабрана больш за 75 тысяч подпісаў у падтрымку Таццяны Караткевіч. Для таго, каб атрымаць рэгістрацыю, трэба сабраць не менш за сто тысяч.

Беларускае Радыё Рацыя