На Берасцейшчыну прыехалі назіральнікі АБСЕ
36 доўгатэрміновых назіральнікаў Міжнароднай місіі АБСЕ прыехалі ў Беларусь для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў.
Шасцёра прадстаўнікоў місіі знаходзяцца на Берасцейшчыне. Двое з іх – Дэвід Готфры з Вялікабрытаніі ды Крысціан Кайлбах з Нямеччыны – сустрэліся ў Бярозе з уладамі і незалежнымі назіральнікамі.
Дэвід Готфры паведаміў, што для кароткатэрміновага назірання прыедуць 400 назіральнікаў з амаль шасці дзясяткаў краін. 30-40 з іх прыбудуць на Берасцейшчыну:
– Кароткатэрміновыя назіральнікі будуць назіраць усе працэсы ў дзень выбараў, то бок адкрыццё ўчастка, галасаванне на ўчастку, закрыццё і падлік галасоў. У перыяд на працягу якога яны будуць прысутнічаць на пэўным участку – гэта 30 хвілін.
Бярозаўскія чыноўнікі, якія рыхтуюць выбары, запэўнілі назіральнікаў, што людзі масава будуць ісці на выбары і прагаласуюць за Аляксандра Лукашэнку. У сваю чаргу мясцовыя доўгатэрміновыя назіральнікі агучылі свае заўвагі па падрыхтоўцы да выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя
