На Данбасе парушаюцца менскія пагадненні (абноўлена)



На ўсходнім фронце без зменаў. Пад Данецкам працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх пазіцый з мінамётаў, танкаў і „Градаў”. Абстрэлы доўжыліся да сённяшняй раніцы. Яшчэ ўчора пракрамлёўскія сепаратысты распачалі абстрэлы Аўдзееўкі – невялічкага горада на поўдзень ад Данецка. З падрабязнасцямі наш карэспандэнт Марцін Война:

–  Аўдзееўка кантралюецца ўзброенымі сіламі Украіны і рэгулярна маніторыцца назіральнікамі АБСЕ. Неўзабаве былі абстрэлены пасёлкі Пескі, Шырокіна, Талакоўка і Маёрск. Тэрарысты выкарыстоўвалі мінамёты, а таксама цяжкую артылерыю, танкі і сістэмы залпавага агню “Град”. Абстрэлы сцішыліся толькі сёння зраніцы. У Луганскай вобласці баевікі ЛНР абстралялі з цяжкой артылерыі вёску Валуйскае. Некалькі жылых дамоў разбураны ўшчэнт. Мясцовыя жыхары, якія хаваюцца ў падвалах, не пацярпелі. Пра страты ўкраінскіх вайскоўцаў пакуль невядома.

Як стала вядома зранку, на тэрыторыю Луганска ўвайшла калона расейскіх войскаў з Самарскай вобласці, якая складаецца з трох мотастралковых батальёнаў і ротавай веткі. Месцам дыслакацыі акупантаў абрана тэрыторыя Луганскага следчага ізалятара. Назіральнікам АБСЕ застаецца чарговы раз канстатаваць парушэнні менскіх пагадненняў з боку расейскіх баевікоў.

У той жа час пракрамлёўскія баевікі працягваюць рабаванне Данбаса. Яшчэ летась шматлікія банды тэрарыстаў пачалі масавае рабаўніцтва на данецкіх і луганскіх вуліцах. Узброеныя баевікі спынялі аўтамабілі, пад пагрозай зброі выкідалі з салонаў уладальнікаў, а выкрадзеныя машыны па падробных дакументах прадавалі ў Расею. Праз пэўны час ДНР і ЛНР узяліся за вугальныя шахты:

– З 90 вугальных шахт Украіны 55 знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі, большая яе частка і дагэтуль працуе, вугаль эшалонамі адпраўляецца ў Расейскую Федэрацыю. Пры гэтым данбаскія шахцёры ці ўвогуле не атрымліваюць заробак ці атрымліваюць прадуктамі харчавання. З нядаўніх часоў на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі выкрадаюць абсталяванне цэлых заводаў. З акупаванай тэрыторыі ўжо вывезеныя станкі Луганскага патроннага завода і Харцызскага электрамеханічнага завода.  Луганскі электрамеханічны завод абсталяванне якога было скрадзенае цалкам аднавіў працу ў Растоўскай вобласці, як Каменскі завод транспартнага машынабудавання. Са Снежнага выкрадзены машыны аднаго з прадпрыемстваў “Мотор Сич”, з данецкага станкі завода “Тапаз” вайскова-прамысловага комплексу. Крадзеныя ўкраінскія каштоўнасці перапраўляюцца ў Расею пераважна белымі камазамі пуцінскіх “гуманітарных канвояў”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя