Беларуская апазіцыя рыхтуецца адзначыць Дзень Волі (абноўлена)



Беларуская апазіцыя рыхтуецца адзначыць Дзень Волі, які святкуецца 25 сакавіка. Зараз працягваецца абмеркаванне фармату правядзення і рыхтуецца заяўка ў Менгарвыканкам, — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

– Заяўку ў Менгарвыканкам плануем падаць 9-га сакавіка. Сярод падпісантаў –Марына Хоміч, я (Аляксей Янукевіч), таксама чакаем, што будуць прадстаўнікі ад Руху “За свабоду” і АГП. Думаю, што па выніку будуць чатыры заяўнікі. У бліжэйшыя дні канчаткова гэты спіс узгаднім. Што тычыцца фармату гэтага мерапрыемства, то ён будзе традыцыйны. Мы выступаем за тое, каб 25-га Сакавіка заставалася палітычнай акцыяй.

Па словах Аляксея Янукевіча, – гэта змагарнае і пратэстнае свята. Таму тэмы абароны беларускай незалежнасці, якая працягвае знаходзіцца пад пагрозай, і салідарнасці з Украінай абавязкова будуць прысутнічаць 25 Сакавіка. Галоўны лозунг святкавання – “Разам за Мір і Незалежнасць”. Самае важнае зараз — мір у рэгіёне і незалежнасць краіны, таму што толькі незалежнасць  можа надзейна забяспечыць гэты мір, — сказаў Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

25 сакавіка падчас акцыі на Дзень Волі ўдзельнікаў шэсця могуць суправадзіць дудары, а на мітынгу на плошчы Бангалор – выступіць іншыя музыкі.

Такія прапановы абяркоўваліся на другім паседжанні аргкамітэту па правядзенні акцыі. Арганізатары лічаць, што акцыя павінна стаць больш святочнай, з разнастайнымі складнікамі.

Адметнасць акцыі гэтага году ў тым, што да працы далучыліся шэраг прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў, якія звычайна досыць крытычна ацэньваюць традыцыйны фармат вулічных мерапрыемстваў, – адзначыў сябра аргкамітэту, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Наступнае паседжанне па справе адзначэння Дня Волі запланаванае на 9-ае сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя