На еўрапейскіх палітыкаў няма вялікіх спадзеваў?
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за апошнія 7 гадоў трапіў на тэрыторыю Еўразвязу. Кіраўнік Беларусі наведаў Рым, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Італіі Серджыа Матарэла.
Кандыдат на прэзідэнта ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў лічыць, што пацяпленне Еўразвязу з Лукашэнкам прадыктавана выгодамі бізнесу:
– Ёсць не толькі палітыкі, на якіх, шчыра кажучы, няма зараз вялікіх спадзяванняў. Паводле іх слоў, яны прагматыкі, сябруюць з Лукашэнкам і высоўваюць геапалітычныя аргументы. А насамрэч мы бачым, што адбываецца: умацоўваецца гандаль,эканамічныя сувязі. То бок, бізнес кіруе. Але ж ёсць і іншыя аналітыкі, палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый. Вось на іх і ёсць спадзеў. Спадзеў на тое, што яны стануць сапраўдным носьбітам еўрапейскіх каштоўнасцяў. Утым ліку і тое, што тычыцца Беларусі.
Андрэй Саннікаў дадаў, што агулам на Беларусь цяпер мала звяртаюць увагу, так як Еўразвяз спрабуе вырашыць унутраныя праблемы. Але калі Еўропа забудзецца пра важнасць дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека, то гэтых праблемаў стане яшчэ больш – падсумаваў палітык.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава