На Гарадзеншчыне – апатыя да выбараў



Прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый Гарадзеншчыны канстатуюць, што жыхарам Беларусі мясцовыя выбары 2018 года нецікавыя. На думку кіраўніка партыі БНФ па Гарадзенскай вобласці Вадзіма Саранчукова, грамадзяне не вераць у тое, што выбарамі магчыма нешта змяніць:

– Не вераць людзі, што праз выбары можна нешта змяніць. Чалавек не ведае свайго дэпутата, не ведае, што можа ад яго патрабаваць, не верыць, што праз гэтыя выбары можа змяніцца сітуацыя ў краіне. Таму і стаўленне такое. Адпаведна, якое стаўленне грамадзян,  такое стаўленне і палітычных арганізацый. Уся сістэма, увесь працэс накіраваныя на тое, каб мінімізаваць удзел грамадзяніна ў жыцці дзяржавы. Тое самае мэтава падводзіцца для палітычных арганізацый.

Сябра Руху “За Свабоду” Эдвард Дмухоўскі канстатуе, што рэжым дамогся апалітычнасці грамадзян Беларусі:

– За доўгія гады  існавання гэтага рэжыму на Беларусі ён дамогся таго, што людзі сталі абсалютна апалітычнымі. Іх не цікавяць выбары. Яны не вераць у гэты працэс. Яны не ведаюць сваіх дэпутатаў. І па вялікім рахунку – ведаць не хочуць. Таму што ад тых дэпутатаў нічога не залежыць. Дзяржава ўзяла ўсе функцыі на сябе, яна прызначае дэпутатаў, а тое, што кажуць простыя людзі, іх думкі ніхто не ўлічвае.

Палітыкі канстатуюць, што ўлада хутчэй за ўсё зарэгіструе ўсіх, нават апазіцыйных, кандыдатаў. Аднак з-за адсутнасці апазіцыі ў камісіях яны не змогуць сачыць за выбарчым працэсам.

Сябра БХД, кіраўнік кампаніі “Права Выбару” па Гарадзеншчыне Сяргей Верамеенка лічыць, што ў жыхароў Беларусі назіраецца агульная апатыя, якая тычыцца ўсіх выбараў.

Актывіст упэўнены, што гэта апатыя да сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі:

– Гэта не толькі ў гарадзенскіх палітыкаў ці сяброў партыі. Гэта такая агульная апатыя ў грамадстве. Апатыя ўвогуле да выбараў як інстытута, які штосьці можа вырашаць.  Ну, і таксама апатыя да мясцовых выбараў, да саветаў, якія практычна нічога не вызначаюць. Якія не маюць права фармаваць той жа мясцовы бюджэт.

Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага 2018 года. Прадстаўнікі беларускага Цэнтрвыбаркаму канстатуюць, што Гарадзенская вобласць будзе вобласцю, дзе амаль не будзе барацьбы паміж кандыдатамі з-за малай колькасці прэтэндэнтаў.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня