Гарадзенскае “Права Выбару” рыхтуе назіральнікаў
Назіраць за выбарамі падрыхтаваныя ў Гародні. Прадстаўнікі кампаніі „Права Выбару” плануюць ахапіць 70 выбарчых участкаў па Гарадзеншчыне па два чалавекі на кожны ўчастак. У кааліцыю кампаніі па ўсёй Беларусі ўваходзяць восем арганізацый. На Гарадзеншчыне у рамках кампаніі працуюць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары Праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ.
Пра тое, якія задачы ставяцца перад назіральнікамі, якія ўдзельнічаюць у гэтай кампаніі, – распавядае Зміцер Бандарчук, прадстаўнік “Гавары Праўду”.
– Тры пытанні. Першае: ці будуць гэтыя выбары чыстымі, адкрытымі і галоснымі, як гэта запісана ў выбарчым заканадаўстве? Вельмі спадзяемся, што менавіта на гэтых выбарах пачнуць лічыць галасы, так як лічаць галасы не толькі па ўсёй Еўропе, але і ў Расеі, і ва Украіне. Калі кожны сябар участковай камісіі бачыць кожны бюлетэнь і можа падлічыць галасы на сваім участку і быць упэўненым, што колькасць галасоў, адданых за кожнага кандыдата, менавіта такая, колькі ён сам мог налічыць. І трэцяе, гэта, канешне, магчымасць далучацца да кампаніі назірання новым людзям.
Большасць назіральнікаў, што будуць удзельнічаць у доўгатэрміновым назіранні, ужо прайшлі навучанне, аднак перад самым днём галасавання яны атрымаюць дадатковы інструктаж.
Беларускае Радыё Рацыя