На Гарадзеншчыне працягваецца пераслед прыхільнікаў Ціханоўскай
Гарадзенскія сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай рушылі за подпісамі ў малыя гарады і вёскі Гарадзенскай вобласці.
Аднак і там яны адчулі пераслед. Распавядае сябра ініцыятыўнай групы Юлія:
– На нас зараз пастаянны ціск, нават калі мы збіралі подпісы, за намі ўвесь час сачылі. Мясцовыя жыхары нам дапамагалі бяспечна выбрацца з горада. Гэта было ў Вялікай Бераставіцы. Міліцыя пастаянна кружылася каля нас на машынах. І пры выездзе мясцовыя жыхары нам дапамагалі, каб неяк абысці іх, бо мы везлі з сабой подпісы.
Па словах Юліі, выехаць з Вялікай Бераставіцы сябрам ініцыятыўнай групы дапамаглі мясцовыя жыхары:
– Мясцовыя жыхары перажывалі, каб мы давезлі подпісы. Сёння мы едзем у Свіслач. Будзем планаваць па раённых гарадах. Гэта будуць абвесткі ў тэлеграм-каналах.
Наступнымі кропкамі, дзе будуць збірацца подпісы за Ціханоўскую, стануць Свіслач і Воранава, а падрабязную інфармацыю можна атрымаць у мясцоавым тэлеграм-канале https://t.me/Grodno_strana.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
