На гэтым тыдні ў судзе дапытаюць Віктара Бабарыку
На гэтым тыдні Вярхоўны суд, які разглядае „справу Белгазпрамбанка”, дапросіць экс-кіраўніка праўлення банка Віктара Бабарыку.
Падчас следчых дзеянняў ён адмовіўся ад дачы паказанняў і сваю віну не прызнаў, нагадваюць у штабе экс-банкіра.
Бабарыка прасіў суд аб магчымасці выступіць першым з абвінавачаных. Але суд не дазволіў яму нават зрабіць заяву. Вярхоўны суд вызначыў, што дапытваць экс-банкіра будуць апошнім. Працэс аднаўляецца сёння, а допыт Бабарыкі можа адбыцца ўжо заўтра, паведамляе БелаПАН.
Экс-старшыню праўлення банка Віктара Бабарыку абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і ў „адмыванні” грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.
Фігурантам крымінальнай справы ён стаў пасля таго, як абвясціў пра сваё рашэнне балатавацца ў прэзідэнты.
Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітвязнем.
Беларускае Радыё Рацыя