Інаўгурацыя Уладзіміра Зяленскага (абноўлена)
Шосты прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які сёння ўступіў у пасаду, абвясціў пра роспуск Вярхоўнай Рады VIII склікання. Як паведамляе карэспандэнт выдання gordonua.com, пра гэта ён заявіў, выступаючы на ўрачыстым пасяджэнні Вярхоўнай Рады 20 мая.
Зяленскі заявіў, што датэрміновыя выбары ў парламент павінны прайсці праз два месяцы.
Ён заклікаў парламент прыняць некаторыя законапраекты, сярод якіх зняцце дэпутацкай недатыкальнасці, увядзенне крымінальнай адказнасці за незаконнае ўзбагачэнне і іншыя.
„У вас на гэта будзе два месяцы. Я распускаю Вярхоўную Раду VIII склікання”, – сказаў Зяленскі дэпутатам.
Беларусь на інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якая праходзіць у Кіеве 20 мая, прадстаўляе віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў.
Урачыстая цырымонія пачалася ў Вярхоўнай Радзе ў 10.00.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Украіны, новаабраны прэзідэнт уступіць на пасаду пасля прынясення на пасяджэнні парламента прысягі народу.
Праграма інаўгурацыі прадугледжвае двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі замежных дэлегацый.
Нагадаем, на інаўгурацыі папярэдняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі Беларусь прадстаўляў Аляксандр Лукашэнка, якому было накіравана асабістае запрашэнне.
Фота fakty.ua